Абяцаных кватэраў на ўсіх алімпійцаў не хапае

Таму што прынята шчодрае рашэнне – кватэры атрымаюць усе прызёры Пекіна, а не толькі чэмпіёны. Спачатку меркавалася ўзнагародзіць кватэрамі толькі чэмпіёнаў і прызёраў у індывідуальных відах спорту. Напрыклад, нашыя весляры і гімнасткі тады заставаліся без кватэр. Зараз жа усё, здаецца, добра, аднак у Нацыянальнага алімпійскага камітэту толькі 18 кватэр на падарункі. А прызёраў Пекіна 28 чалавек. Што рабіць, будуць вырашаць потым, расказаў Еўрарадыё віцэ-прэзідэнт НАКу Генадзь Аляксеенка:

“У алімпійскім камітэце на сёння ёсць толькі 18 кватэр, якія далі нам спонсары. Вось гэта ўсё, што ёсць у наяўнасці. Мы іх усе раздамо. А каму не хопіць, будзем, як звычайна ў такіх выпадках бывае, пасля кожнай алімпіяды аказваць дапамогу ў выдзяленні кватэр праз аблвыканкам і гарвыканкам”.

Больш за тое! Тыя 18 кватэр НАКа знаходзяцца ў Мінску. Іншагароднім жа будуць выдзяляцца кватэры ў іх родным горадзе. Хаця могуць быць і выключэнні. Бронзавая прызёрка цяжкаатлетка Анастасія Новікава сёння жыве ў Жодзіна. Аднак, паводле слоў яе трэнера Віктара Шылая, кватэру будзе прасіць у Мінску.

Віктар Шылай: “Ва ўсялякім разе ёй памочнік прэзідэнта абяцаў літаральна там, што ёй дадуць кватэру. Яна сама з Жодзіна. Аднак кватэру хоча ў Мінску. Я ж трэнер у Мінску, вось і яна хоча, каб у Мінску была кватэра. Таму што я яе трэнірую”.

Як даведалася Еўрарадыё, кідальнікам молату Вадзіму Дзевятоўскаму і Івану Ціхану Нацыянальны алімпійскі камітэт падрыхтаваў кватэры, нягледзячы на тое, што спартсмены падазраюцца ва ўжыванні допінгу. Па словах Генадзя Аляксеенкі, пакуль медалі яшчэ у спартсменаў. Аднак калі ўзнагароды анулююць, пытанне наконт кватэры таксама будзе перагледжанае.

Генадзь Аляксеенка: “Ідзе працэдура разбіральніцтва. Што тычыцца дапамогі, на сёння яшчэ вердыкт ім не вынесены. Яны ўладальнікі медалёў. Яны яшчэ дзейныя прызёры. Будзе вердыкт – пасля гэтага будзе разглядацца пытанне, што і як. Сёння адказу на гэтае пытанне няма”.

Абяцаныя грошы алімпійцам выплацяць ў кастрычніку, - паведамілі ў федэрацыі лёгкай атлетыкі.

А пакуль, як даведалася Еўрарадыё, цяжкаатлет Андрэй Арамнаў і грабцы-браты Багдановічы, адпачываюць у Турцыі.




Фота tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі