12-годка не адпавядае нашаму менталітэту і эканамічнаму становішчу?

Як стала вядома Еўрарадыё, уся сутнасць дыскусіі пра мэтазгоднасць 12-гадовага навучання зводзіцца да супрацьстаяння бацькоў і чыноўнікаў. Бацькі хочуць, каб іх дзеці паступілі ў ВНУ, а чыноўнікі – каб яны як мага хутчэй прыйшлі працаваць на прадпрыемствы і ў сельскую гаспадарку. У выніку школа і настаўнікі становяцца закладнікамі ў гэтым супрацьстаянні, а дзеці – ахвярамі. Чаму бацькі і чынавенства не разумеюць адно аднаго, і хто за што змагаецца, патлумачыў Еўрарадыё старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч.

Уладзімір Здановіч: “Бацькі бачаць усіх сваіх дзяцей выключна ў ВНУ і прад’яўляюць прэтэнзіі школе, што яна не можа ўсіх падрыхтаваць да паступлення ў ВНУ, і таму яны вымушаныя наймаць рэпетытараў. Але ніколі перад школай не стаяла задача, каб абсалютна ўсіх падрыхтаваць да паступлення ў ВНУ. У сваю чаргу супрацьлеглую мэту бачаць чыноўнікі. Яны мяркуюць, што большая частка дзяцей пойдзе ў прафтэхвучэльні, у тэхнікумы, а меншая – у ВНУ. І таксама прад’яўляюць прэтэнзіі да школы: чаму вы так не рыхтуеце, не настройваеце дзяцей?”

У выніку, першы этап супрацьстаяння за чыноўнікамі – створана працоўная група па вывучэнні пытання аб скасаванні 12-гадовага навучання і замене яго на 11-гадовае. Праўда, з захаваннем 5-дзённага навучальнага тыдня і з умовай, што будзе не больш за 5-6 урокаў на дзень. Зрабіць гэта, на думку дэпутата, можна з дапамогай двух сродкаў. Першы -- скараціць працягласць вакацыяў.

Уладзімір Здановіч: “Можна крыху скараціць вакацыі, але так, каб гэта не закранула сумесны адпачынак бацькоў і дзяцей. У прыватнасці, на летнія вакацыі можна ісці не з 25 траўня, а з 7 чэрвеня. Можна яшчэ на дзень-два скараціць зімовыя, вясновыя, і восеньскія вакацыі. Бо вельмі шмат адпачываць атрымліваецца”.

Другі – сціснуць праграму навучання, да прыкладу, двух гадоў у адзін. А ў тым, што ў настаўнікаў няма такіх “сціслых” праграм, па якіх яны маглі б працаваць ужо ў новым навучальным годзе, старшыня камісіі не бачыць нічога страшнага. Кажа, настаўнік павінен сам вызначаць, што скараціць, што аб’яднаць у адну тэму.

Уладзімір Здановіч: “Настаўнік, які працуе выключна па тым падручніку, які яму прапаноўваюць, гэта дрэнны настаўнік. Можна проста ўказаць у праграмах – такія і такія тэмы не праходзіць. І выкарыстоўваць тыя падручнікі, якія ёсць на сённяшні дзень. Можна карыстацца двума падручнікамі адначасова, трыма. І нават больш”.

Па яго словах, падручнікі для 12-гадовага навучання акупляюцца за 2 гады. І бацькі, якія плацяць 50% ад іх кошту, ужо аплацілі выдаткі дзяржавы на іх выданне. Надрукаваць новыя, кажа, таксама праблемы няма. Іншая справа – як “развесці” выпускнікоў-2009? Бо адначасова скончаць навучанне тыя, хто вучыўся па 12-гадовай праграме, 11-гадовай і тыя, каму праграму навучання “сціснуць” з 2 у 1 год. Школу яны скончаць адначасова, але з розным узроўнем адукацыі. І ўсе захочуць паступіць у ВНУ.

Уладзімір Здановіч: “Вясной 2009 года выйдуць ў вольнае плаванне тыя, з зорачкай 12-гадовага навучання, звычайныя і тыя, хто цяпер у 10 класе, але якія правучацца наступны навучальны год па сціснутай праграме. Тры групы дзяцей выйдзе з рознай ступенню падрыхтоўкі. Праблема – як урэгуляваць, каб ніхто не пацярпеў? Бо ўсе захочуць паступаць у ВНУ. Таму і ствараецца працоўная група, каб ніхто не пацярпеў”.

Да якіх высноў прыйдзе працоўная група, пакуль сказаць складана. Але ўжо цяпер старшыня дэпутацкай камісіі выказаў ідэю аб скасаванні сістэмы гімназій і ліцэяў, і прывядзення навучання да адной агульнаадукацыйнай сістэмы.

Уладзімір Здановіч: “Трэба паступова пераходзіць да таго, каб была адзіная агульная адукацыя для ўсіх. А потым невялічкая дадатковая адукацыя для тых, хто хоча паступаць у ВНУ. І рэгуляваць працэсы, каб не ўсе пагалоўна вучыліся ў ВНУ. Бо хоць гэта вышэйшая адукацыя і стала масавай, але яна не стала якаснай”.

Дырэктар мінскай тэхналагічнай гімназіі №13 Вольга Чарнавусава падтрымлівае ідэю 11-гадовага навучання. Па яе словах, яны паспяваюць даць якасную адукацыю і за гэты тэрмін. Але галоўнае, кажа дырэктар, 12-годка не адпавядае беларускай ментальнасці і эканамічнаму становішчу ў краіне.

Вольга Чарнавусава: “Ва ўмовах нашай эканамічнай сітуацыі, дабрабыту ў сем’ях і з нашым менталітэтам, аптымальны тэрмін 11 гадоў. Насельніцтва супраць 12-годкі. У мяне свае 2 ўнучкі і думаю: “Дзякуй Богу, што будзе 11!”

Дырэктар прыватнай мінскай гімназіі “Альтасфера” Віялета Звярковіч сказала Еўрарадыё, што іх чарговыя рэформы сістэмы адукацыі не закрануць. Але яна за 11 гадоў.

Віялета Звярковіч: “У нас прыватная гімназія, і гэта нас ў прынцыпе не тычыцца. Але на мой уласны погляд – 12 гадоў гэта зашмат”.

А вось завуч маладзечанскай школы №7 Вольга Каралёва крытычна паставілася да магчымасці таго, што сённяшнім 10-класнікам наступныя 2 гады навучання сціснуць у адзін год.

Вольга Каралёва: “Калі вырашаць “сціснуць” для гэтых дзяцей, то ўявіце: яны зараз будуць здаваць іспыты за курс базавай школы, а праз год – за курс сярэдняй. Гэта трэба вундэркіндам быць! Пры тых тэстах, якія ў нас цяпер. Я выкладаю ў 11 класе. Я ў інстытуце такога не вывучала! Для таго, каб мне падрыхтавацца да ўрока, я 8-9 кніг пераварочваю штовечар! А ўявіце, што гэта трэба дзіцяці за год прайсці. Гэта нерэальна”.

Па яе словах, калі Міністэрства адукацыі дашле ім канкрэтныя праграмы, што і як скарачаць, каб уціснуць 2 гады ў адзін, яны змогуць працаваць. Калі ж запатрабуюць вырашаць самім настаўнікам – будзе толькі горш. А ці паспее распрацаваць Мінадукацыі тыя праграмы, калі чыноўнікі вырашаць скасаваць 12-годку з наступнага навучальнага года, невядома.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі