У Смаргоні пасля расклейвання ўлётак завялі крымінальную справу аб паклёпе

Аляксандр Нагела, Вольга Будай, Аляксандр Будай, Васіль Кашкель, Руслан Валюк — пасля вызвалення / "Instagram"
Аляксандр Нагела, Вольга Будай, Аляксандр Будай, Васіль Кашкель, Руслан Валюк — пасля вызвалення / "Instagram"

У сярэдзіне верасня на вуліцах Смаргоні з'явіліся ўлёткі з інфармацыяй пра мясцовых міліцыянераў і чыноўнікаў. Начальніка аддзела аховы правапарадку Смаргонскага РАУС Руслана Ткачова аўтары ўлётак абвінавачвалі ў тым, што ён кіраваў затрыманнямі пратэстоўцаў 9–11 жніўня, і ў злоўжыванні службовым становішчам. А пра намесніка дырэктара школы №5 Аксану Шаўлюк было сказана, што яна сказіла вынікі галасавання на ўчастку, дзе працавала старшынёй камісіі.

24 і 25 верасня ў жыхароў Смаргоні, якіх міліцыя звязала з расклейваннем улётак, прайшлі ператрусы. Паводле інфармацыі з тэлеграм-канала "Смаргонь", як мінімум сямёра былі затрыманыя. Ім паведамілі, што за распаўсюд заведама лжывых звестак пра супрацоўнікаў МУС і мясцовых чыноўнікаў распачатая крымінальная справа па артыкуле 188 Крымінальнага кодэкса — "Паклёп".

В Сморгони после расклейки листовок завели уголовное дело о клевете

— Нас абвінавачваюць па 188-м артыкуле. Абвінавачваюць у тым, што мы клеілі ўлёткі з ілжэсведчаннем на супрацоўнікаў міліцыі. У іх ёсць мае прызнальныя паказанні пра тое, што я клеіў улёткі. Мне адкрыта сказалі, што ведаюць. Я так разумею, што нехта данёс. Сам факт таго, што я клеіў, ніхто не бачыў, — расказвае Еўрарадыё Руслан Валюк, адзін са смаргонцаў, якія праходзяць па справе. Руслан цяпер знаходзіцца на свабодзе пасля трохдзённага знаходжання ў ізалятары.

— Сутнасць улёткі была ў тым, што ён [Руслан Ткачоў. — Еўрарадыё] заўзяты праціўнік пратэставага руху, што ён кіраваў і накіроўваў людзей на затрыманні падчас "хапуноў" 9–11 жніўня. Таксама там была інфармацыя пра тое, што ён нібыта прыкрываў сваю сястру: на яе складалі пратакол за распіццё спіртных напояў, але ён паспрыяў таму, каб справа не пайшла. Таксама была інфармацыя, што ён пастаянна падбівае сваіх супрацоўнікаў даваць паказанні супраць нас па артыкуле 23.34 КаАП. Інфармацыя афіцыйнага пацверджання не знайшла. Але як мы можам яе пацвердзіць? Вы ж самі разумееце, — працягвае Руслан Валюк.

А прэтэнзіі да завуча школы, па словах Валюка, з'явіліся пасля таго, як Васіль Кашкель — яшчэ адзін фігурант справы, які быў затрыманы і ў якога прайшоў ператрус, — папрацаваў на яе ўчастку назіральнікам.

Рамуальд Улан — былы ўладальнік і галоўны рэдактар "Новой газеты Сморгони". Цяпер Рамуальд — прыватны прадпрымальнік, ён аказвае паслугі ў сферы малой паліграфіі. Рамуальд не сядзеў у ізалятары, але таксама падпаў пад ператрус — хоць, паводле яго слоў, да друку ўлётак не мае ніякага дачынення. Ён проста апублікаваў у сацсетках фота тых самых улётак на плоце.

В Сморгони после расклейки листовок завели уголовное дело о клевете

— Нашы смаргонскія актывісты — я іх не ведаю — расклеілі ўлёткі, у якіх пазначаныя звесткі міліцыянераў, якія ўдзельнічаюць сведкамі ў судах за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах. Таксама там была інфармацыя пра тое, што начальнік аддзела адукацыі прымушаў падпісваць пустыя пратаколы.

Я ўбачыў гэтыя ўлёткі на плоце, сфатаграфаваў і змясціў у буйным смаргонскім чаце. Я размясціў іх з надпісам "Якія смелыя смаргонскія партызаны!". Я гэта размясціў, але размясціў як падзею, як публікацыю ўлёткі, не ўнікаючы ў сутнасць зместу. Гэта ж не скан улёткі, а проста фатаграфія з часткай плота. Я лічыў, што там дэталёва не чытаецца тэкст пра лжэсведчанне. А мне кажуць, што змест улёткі відаць. У суботу, 26 верасня, ужо пачалі справу. Я абвінавачваюся па артыкуле 188 КК РБ.

Канфіскавалі маю тэхніку, маўляў, нібыта я друкаваў гэтыя ўлёткі. 13 пазіцый абсталявання канфіскавалі на месцы і пяць штук у мяне дома.

Вызваленне смаргонцаў з ізалятара

На цяперашні момант у смаргонскім ізалятары застаецца адна з затрыманых — Вольга Петунова. Яе павінны адпусціць бліжэй да ночы: трое сутак заканчваюцца сёння. У Вольгі дома двое непаўналетніх сыноў, адзін з якіх — інвалід дзяцінства. Па інфармацыі з ТГ-каналаў, Вольга аб'яўляла ў ізалятары галадоўку.

В Сморгони после расклейки листовок завели уголовное дело о клевете
Вольга Петунова і сыны / "Аднакласнікі"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі