У Мінгарвыканкаме распавялі пра лёс Чырвонага касцёла, але не ўсё

Чырвоны касцёл

Чырвоны касцёл / Euroradio

У Мінгарвыканкаме распавялі пра лёс Чырвонага касцёла (касцёла святых Сымона і Алены), але не ўсё. 25 кастрычніка на прыём да намесніка старшыні Мінгарвыканкама Арцёма Цурана прыйшоў "прадстаўнік каталіцкай канфесіі", які задаў пытанне пра адкрыццё храма, бо ён даўно закрыты ўладамі.

"Рэканструкцыя храма вядзецца па плане, працы не спыняліся ні на адзін дзень, гэта можа пацвердзіць прысутны тут дырэктар КУП "Мінская спадчына", — цытуе словы Цурана minsknews.by. — Падрыхтавана праектная дакументацыя, і ў першым квартале 2024 года павінны пачацца работы ў будынку. Пасля іх завяршэння будзе прынята рашэнне аб аднаўленні дзейнасці касцёла".

Калі працы скончацца, чыноўнік не сказаў, а значыць, што і невядома калі вернікі змогуць вярнуцца ў Чырвоны касцёл.

У ноч на 26 верасня 2022 года ў будынку касцёла на плошчы Незалежнасці адбыўся пажар пры дзіўных акалічнасцях. Пасля гэтага ўлады скасавалі з парафіяй дамову на арэнду касцёла (будынак належыць дзяржаве) пад нагодай рамонту. Але ў жніўні 2023-га вернікі парафіі святога Сымона і святой Алены заўважылі, што няма ніякіх яго слядоў.

Касцёл размяшчаецца ў цэнтры Мінска, каля Дома ўрада, і з'яўляецца адным з сімвалаў сталіцы. Неагатычны будынак быў узведзены ў 1910 годзе на сродкі мецэната Эдварда Вайніловіча. У 1990-я гады будынак не вярнулі католікам, але перадалі на бескаштоўнае карыстанне. У 2013 годзе храм быў замацаваны на праве гаспадарчага вядзення за "Мінскай спадчынай". Менавіта гэтая арганізацыя і скасавала дамову карыстання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі