Хутка адбудзецца моцная магнітная бура. Якіх наступстваў чакаць?

Лекі ад галаўных боляў лепш купіць загадзя

Лекі ад галаўных боляў лепш купіць загадзя / Marvel Studios

Праз моцную ўспышку на сонцы ў ноч на 11 траўня і цягам трох наступных дзён Зямля трапіць у моцную геамагнітную буру. На думку даследчыкаў, яна будзе самай моцнай за апошнія 20 гадоў.

Беларускі даследчык і навуковы журналіст Сяргей Бесараб у сваім блогу дасціпна тлумачыць, у чым рызыка гэтай прыроднай з’явы.  

Успышкі на сонцы — гэта непрыемны "падарунак" ад нашага сусвету. Непрыемны таму, што прыводзіць да ўзнікнення геамагнітных бур. Сонечная радыяцыя ўзаемадзейнічае з магнітным полем Зямлі, што ўплывае на ўсё навакольнае асяроддзе: прыроду, людзей, электроніку. Да чаго гэта можа прывесці?

Біялагічным істотам пашанцуе больш за ўсіх. Але ўсё роўна трэба быць напагатове. 

“У чалавека змена магнітнага поля мяняе альфа-рытм галаўнога мозгу, які найбольшую амплітуду мае ў стане спакойнага няспання, пры заплюшчаных вачах у зацемненым памяшканні. Гэты рытм блакуецца ці паслабляецца пры павышэнні зрокавай увагі ці разумовай актыўнасці”, — піша навуковец.

Хутка адбудзецца моцная магнітная бура. Якіх наступстваў чакаць?
Дзве вялікія ўспышкі на паверхні Сонца 8 мая / NASA

Таму варта ў гэты час займацца інтэлектуальнай актыўнасцю, якая можа абараніць вас ад патэнцыйнай мігрэні.

Яшчэ геамагнітныя буры ўплываюць на нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы чалавека.

“У магнітаадчувальных людзей могуць назірацца скокі артэрыяльнага ціску, сардэчная арытмія (павялічваецца колькасць інфарктаў міякарда), магчымае пачашчэнне эпілептычных прыпадкаў. У дні максімальнай актыўнасці магчымае пагаршэнне сну, павышэнне трывожнасці і нервовасці, галаўныя болі, абвастрэнні ў людзей з псіхіятрычнымі захворваннямі”.

Навуковец рэкамендуе трымаць пад рукой важныя медыцынскія прэпараты, асабліва людзям з хранічнымі захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, эпілептыкам і г.д.

У гэтыя дні не пазайздросціш тым, хто знаходзіцца ў космасе ці збіраецца ляцець у самалёце ў момант, калі сонечная радыяцыя ўдарыць у Зямлю. 

“З пункту гледжання разважлівасці авіякампаніі на найбліжэйшыя тры дні павінныя адмяніць авіярэйсы або змяніць паветраныя калідоры”, — расказвае Бесараб.

Пад пытаннем таксама здароўе людзей, якія падарожнічаюць у гарах або падымаюцца на вышыню. 

“Лепш хаця б пераседзець гэты час у лагерах. Хоць энергіі часцінак сонечнага ветру такія, што ва ўмовах разраджанай атмасферы і скала не ўратуе”. 

Што да тэхнікі, то, на думку эксперта, успышка паўплывае на ўзнікненне індукцыйных токаў у слабатокавых сетках і перагрэў трансфарматараў.

“З высокай імавернасцю пад пытаннем працаздольнасць электронных прылад, сістэм сувязі, GPS, рэлейнай аўтаматыкі, магчымыя аварыйныя адключэнні электраэнергіі”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі