Што напраўду Вікторыя Нуланд сказала пра біялагічныя лабараторыі ва Украіне

Супрацьгазы — важная рэч на вайне / pixabay
Супрацьгазы — важная рэч на вайне / pixabay

Расійскія СМІ падхапілі словы дзяржсакратара ЗША Вікторыі Нуланд пра наяўнасць ва Украіне "біялагічных даследчых цэнтраў". Пра гэта Нуланд заявіла ў часе слуханняў у Камітэце Сената ЗША па міжнародных адносінах.

Еўрарадыё паслухала, як намесніца дзяржсакратара адказвала на пытанне пра біялагічную і хімічную зброю ва Украіне. Галоўнае, што вынікае з яе слоў: у Нуланд няма сумневаў, што, калі ва Украіне і здарыцца інцыдэнт з біялагічнай ці хімічнай зброяй, гэта будзе справа рук Расіі.
 

"Я ўпэўнены, вы ў курсе таго, што робіць расійская прапаганда"

Пра наяўнасць ва Украіне хімічнай і біялагічнай зброі ў Нуланд запытаўся сенатар-рэспубліканец Марк Рубіа.

— Ва Украіне ёсць біялагічныя даследчыя цэнтры. І мы турбуемся, што цяпер расійскія вайскоўцы могуць іх шукаць, каб атрымаць над імі кантроль. Мы працуем з украінскім бокам над тым, як ён можа абараніць усякі з гэтых даследчых матэрыялаў ад трапляння ў рукі расійскіх войскаў, — адказала Нуланд.

Ні слова пра тое, што ва Украіне распрацоўвалася нейкая біялагічная зброя.

— Я ўпэўнены, вы ў курсе, што расійская прапаганда ўжо ўкідвае ўсе магчымыя віды інфармацыі пра тое, што яны раскрылі план Украіны выпусціць біялагічную зброю ў краіне пад кіраўніцтвам НАТА. Калі адбудзецца здарэнне ці атака з выкарыстаннем біялагічнай або хімічнай зброі, у вас ёсць сумненні ў тым, што за гэтым на сто адсоткаў будуць стаяць рускія? — працягвае Рубіа.

— У мяне няма сумневаў, сенатар. І гэта класічная расійская тэхніка: абвінаваціць іншага ў тым, што яны плануюць зрабіць самі.

Тое самае пытанне да Вікторыі Нуланд

Пазіцыя Расіі: "У непасрэднай блізкасці ад РФ"

А вось як гэты дыялог трансфармаваўся ў расійскіх медыях. Расійскае МЗС заявіла, што знайшло пацвярджэнне "экстраннай зачысткі кіеўскім рэжымам слядоў ваенна-біялагічнай праграмы". Гэтую праграму, паводле версіі Расіі, Кіеў рэалізуе пры фінансаванні Мінабароны ЗША.

— Ад супрацоўнікаў украінскіх біялабараторый атрымана дакументацыя аб экстранным знішчэнні 24 лютага асабліва небяспечных патагенаў узбуджальнікаў чумы, сібірскай язвы, тулярэміі, халеры і іншых смяротных хвароб. У прыватнасці, гаворка ідзе пра ўказанне Мінздароўя Украіны адносна аператыўнай ліквідацыі захоўваных запасаў небяспечных патагенаў, накіраванае ва ўсе біялабараторыі, — гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка расійскага МЗС Марыі Захаравай.

Расійскае МЗС робіць выснову, што "ва ўкраінскіх біялабараторыях у непасрэднай блізкасці ад тэрыторыі Расіі ажыццяўлялася распрацоўка кампанентаў біялагічнай зброі". А знішчэнне ўкраінскім бокам патагенаў спатрэбілася, на думку расійскага боку, для "недапушчэння выкрыцця фактаў парушэння Украінай і ЗША артыкула I Канвенцыі аб забароне біялагічнай і таксіннай зброі".

То бок, тое, што ва ўкраінскіх лабараторыях былі ўзоры небяспечных вірусаў, пададзенае як вытворчасць біялагічнай зброі. Між тым, вірусы захоўваюцца ў лабараторыях шмат якіх краінаў. Яны патрэбныя для даследаванняў. І жаданне ўкраінцаў знішчыць іх да таго, як лабараторыі будуць захопленыя расіянамі, цалкам зразумелае.

Марыя Захарава выбірае патрэбную цытату

Пасля слуханняў у Сенаце Марыя Захарава апублікавала пост са спісам патрабаванняў Расіі і прымацавала да іх частку цытаты Вікторыі Нуланд — пра тое, што ва Украіне ёсць "біялагічныя даследчыя аб'екты" і што ЗША працуюць над недапушчэннем іх пераходу пад кантроль расійскіх войскаў. Аднак Захарава прадказальна змаўчала пра тое, што, на думку Дзярждэпа, за выкарыстаннем на тэрыторыі Украіны біялагічнай або хімічнай зброі будзе стаяць Расійская Федэрацыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі