Знявечыць альбо забіць: што на новым зліве сказаў мужчына з голасам Карпянкова

Мікалай Карпянкоў​ / TUT.by
Мікалай Карпянкоў​ / TUT.by

Ініцыятыва былых сілавікоў By_POL апублікавала запіс, на якім мужчына з голасам былога кіраўніка ГУБАЗіК, а цяпер — намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова размаўляе з падначаленымі. Пасля выбараў Карпянкоў даў некалькі інтэрв'ю дзяржканалам, яго характэрны голас нескладана пазнаць. Ён расказвае ў тым ліку пра стварэнне спецыяльных лагераў, стральбу па пратэстоўцах і магчымыя ўзнагароды.

Калі была запісана гэта размова?

By_POL сцвярджае, што запіс быў зроблены ў кастрычніку, аднак можна выказаць здагадку, што гэта не так. Напрыклад, там абмяркоўваецца прызначэнне Івана Кубракова міністрам унутраных спраў. А гэта было зроблена ў самым канцы кастрычніка.

Таксама By_POL мяркуе, што запісаная размова — апошняя, калі Карпянкоў размаўляе з супрацоўнікамі ГУБАЗіК у якасці іх кіраўніка, да павышэння. А на пасаду намесніка міністра ён быў прызначаны 19 лістапада.

Акрамя таго, па адной з цытат можна выказаць здагадку, што гаворка на злітым запісе ідзе і пра гібель Рамана Бандарэнкі:

— Ну адкачаюць, дык адкачаюць... Не будзе ў яго паловы галаўнога мозга, ну, туды яму і дарога. Таму што ўсе тыя, хто выходзяць на вуліцы ў цяперашні момант, паўдзельнічаць у рэйкавай вайне... Атрымліваецца, тыя, хто блакуе дарогі, нападае на міліцыянераў, кідаюць кактэйлі Молатава... Тыя ж тэрарысты, гэта лішнія людзі ў нашай краіне.​

Раман Бандарэнка быў збіты пасля затрымання на "Плошчы Перамен" 11 лістапада і памёр на наступны дзень. Зыходзячы з гэтага, можна выказаць здагадку, што запіс быў зроблены 12 лістапада, калі лекары яшчэ змагаліся за жыццё 31-гадовага пратэстоўца.

Еўрарадыё праслухала запіс і публікуе асноўныя фрагменты.

Пра смерць Аляксандра Тарайкоўскага

У пачатку запісу мужчына з голасам Карпянкова расказвае пра атрыманыя ад Расіі пісталеты Ярыгіна. Акрамя іх, гаворыць пра расійскую траўматычную зброю з гумовымі кулямі. З такой, паводле яго слоў, 10 жніўня забілі Аляксандра Тарайкоўскага.

— Мы, атрымліваецца, узялі ўчора каробку кардонную, у чатыры разы яе склалі, паставілі на крэсла, узялі і выпрабавалі. Атрымліваецца, кардонная каробка наскрозь і крэсла наскрозь, атрымліваецца. І зразумела, ад чаго памёр гэты п'яніца і дэбіл, як яго... [у зале кажуць — "Тарайкоўскі"]... П'яніца і дэбіл. Ён памёр, вядома, ад гумовай кулі, якая прыляцела яму ў грудзі... Ён стаяў там у майцы, і я думаю, што з адваротнага боку майкі яна не захрасне…

Расійская зброя, траўматычная зброя, з блізкай адлегласці ад баявой нічым не адрозніваецца. Таму што беднаму рускаму чалавеку ад чачэна ці якога-небудзь дагестанца абараняцца трэба ... Зразумела, так?

Паводле яго слоў, Беларусь атрымала ад Расіі 100 дадатковых пісталетаў. Палова дасталася ГУБАЗіКу, астатнія — у "Алмаз" і САХР.

Пра стральбу па пратэстоўцах

Мужчына з запісу кажа, што ў цяперашні неспакойны час ніводзін сілавік не павінен выходзіць на акцыі без агнястрэльнай зброі.

— Таму прыйшоў іншы час. Час, атрымліваецца... э-э-э... жорсткіх дзеянняў. З аглядкай на, скажам так, палітычныя моманты, бо мы, атрымліваецца, краіна, якая... э-э-э ... інтэграваная ў сусветную супольнасць і абавязаная выконваць шэраг пэўных дзеянняў для таго, каб не выглядаць ізгоямі... Вось гэты час, атрымліваецца, скончыўся, наступіў іншы час. І гэты час, атрымліваецца, патрабуе больш маладых... Больш рашучых людзей, якія праз сябе пераступілі.

Таму, як прэзідэнт кажа, што, калі на цябе прэ... Калі на цябе прэ — выкарыстоўвай зброю. Нелятальную. Страляй ва ўпор: па нагах, у жывот, па яйцах... Каб зразумеў, што ён учыніў і што нарабіў, калі прыйдзе ў прытомнасць. [...] Альбо пакалечыць, альбо знявечыць, альбо забіць.

Пра абяцанні Лукашэнкі і страхі

— Прэзідэнт яшчэ сказаў, што з усімі гэтымі момантамі, што на вуліцы ёсць, разабрацца жорстка... Усім усё растлумачылі. Прапанаваная Канстытуцыя... Ён таксама сказаў, што на наступны тэрмін не будзе абірацца, але краіну перадаць абы-каму ... "Каб вы проста разумелі, я не проста так трымаюся за гэта, чамусьці я чагосьці баюся"... Проста па-чалавечы, па-мужчынску размаўляў.

Далей мужчына з голасам Карпянкова палохае сілавікоў люстрацыямі, расфармаваннем, стаяннем "на каленях" і да таго падобнае. Па яго словах, разабрацца з праблемай трэба было да канца снежня.

Нарэшце, у самым канцы запісу ён перадаў словы Лукашэнкі, які нібыта паабяцаў узнагародзіць усіх сілавікоў, якія душаць пратэсты, — "нават калі ў спісе будзе тысяча чалавек".

Пра лагеры для пратэстоўцаў

— Ствараецца база звестак, у гэтай базе звестак, хто трапіў другі раз... Другі раз, той павінен там і застацца. Сказана: распрацаваць... Зрабіць лагер... Ну, не для ваеннапалонных, не для інтэрнаваных нават, а лагер для асабліва востракапытных... Для адсялення. І паставіць калючы дрот, атрымліваецца, па перыметры... Два памяшканні зрабіць: топка — паверх, кармілі — паверх, каб працавалі... Ну і там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі