Зноў зніклі яйкі? Пакупнікі скардзяцца, што асартымент у крамах скарачаецца

Не выключана, што асартымент яек у крамах скараціўся праз праблемы з упакоўкай / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У некаторых беларускіх крамах пачаў скарачацца асартымент курыных яек, піша рэсурс "Зеркало" са спасылкай на сваіх чытачоў. Жыхар Магілёва, у прыватнасці, паведаміў медыя, што "амаль паўтара тыдня ў краме былі толькі дарагія фермерскія яйкі". А мінчук звярнуў увагу, што ў ягонай краме "стэлаж, які звычайна запоўнены яйкамі, быў застаўлены закваскамі ў пластыкавых слоічках". У суседняй краме ўвогуле сказалі, што яйкі скончыліся.

Супрацоўнік адной з прыватных крамаў расказаў, што зніклі яйкі, якія былі расфасаваныя ў латкі па дзясятку. "Прапаноўваюць заказваць россыпам і фасаваць па пакетах. З чым звязаная адсутнасць тавару на фабрыцы, не адказваюць, калі з'явіцца — не ведаюць. Па чутках, як і заўсёды, тавар паехаў у Расію", — кажа ён.

Журналісты "Зеркала" пагутарылі з прадстаўнікамі яшчэ некалькіх мінскіх крамаў і высветлілі, што дзе-нідзе асартымент сапраўды скараціўся. Калі цягам верасня сярэднесутачная пастаўка ў краму была большая за 4 тысячы ўпаковак яек, то ў кастрычніку — менш за тры. А попыт пры гэтым вырас.  У той жа час прадстаўнікі іншай гандлёвай сеткі сказалі, што праблем няма, прадукту хапае, пастаўкі не перарываліся.

Журналісты выдання выказалі здагадку, што прычынай скарачэння асартыменту яек можа быць усё ж такі ўпакоўка, як гэта было летам з малаком. Сітуацыю абмяркоўвалі тады нават на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. "Дык яны ж не ядуць Tetra Pak. Людзі ядуць тое, што ў Tetra Pak", — заявіў Лукашэнка і запатрабаваў да канца года наладзіць вытворчасць айчыннага аналага такой упакоўкі.

Сёння на нарадзе, прысвечаным інфляцыі, Лукашэнка таксама гаварыў пра тое, што паліцы крамаў не павінныя пусцець. "На прылаўках павінныя быць тавары належнай якасці, у шырокім асартыменце і па справядлівых цэнах", — заявіў ён і паабяцаў, што "таварнага дэфіцыту ў нас не было і не будзе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.