Зніклі беларусы? Як Лукашэнка перайшоў ад "не трымаем" да супрацы са "збеглымі"

Можа, Лукашэнка адчуў, што ў Мінску стала пуставата? / калаж Улада Рубанава
Можа, Лукашэнка адчуў, што ў Мінску стала пуставата? / калаж Улада Рубанава

Лукашэнка ўсё больш актыўна заклікае вяртацца беларусаў, якія з'ехалі за мяжу праз палітычнае становішча. Меркаванні экспертаў з нагоды яго матываў падзяліліся. Адны лічаць, што гэта проста піяр-ход, іншыя думаюць, што справа можа быць і ў эканамічных прычынах. Бо апошнія тры гады ў Беларусі адбываецца масавы адток кадраў.

Еўрарадыё даведалася, як змянялася рыторыка Лукашэнкі адносна "збеглых" і што ў гэты час адбывалася з кадрамі ў краіне.
 

“Не трэба нікога трымаць”

Да 2020 года людзі масава пакідалі працоўныя месцы ў крызісным 2016 годзе. Тады колькасць звольненых перавысіла колькасць прынятых на працу на 88,7 тысяч чалавек, паведамляе Белстат. Затым штогод лічбы па адтоку кадраў вагаліся ў раёне 10 тысяч.

У 2020 годзе колькасць звольненых выявілася на 72,5 тысячы большай, чым прынятых на працу. У 2021 годзе эканоміка расла з прычыны паспяховага знешняга гандлю, але людзі сыходзілі яшчэ часцей. З эканомікі выпала 77,2 тысяч работнікаў. Толькі за студзень-лістапад 2022 года сышло яшчэ 66,4 тысячы.

Пропали белорусы? Как Лукашенко пришёл от “не держим” до “созидания” с уехавшими
Беларусы альбо сядзяць без працы , альбо знайшлі працу за мяжой / дадзеныя Белстата

Што ж казаў пра кадры Лукашэнка? У жніўні 2020 года ён не шкадаваў, што беларусы сыходзяць з работ і з'язджаюць. Першымі апынуліся непатрэбнымі журналісты:

— Хтосьці захацеў — сыходзьце, нікога не трэба трымаць. Я папрасіў расіян: дайце нам 2-3 групы журналістаў на ўсялякі выпадак.

У лістападзе гаворка зайшла пра работнікаў у цэлым:

Хтосьці захацеў з'ехаць — хай з'язджае, не трэба нікога трымаць.

Пра лекараў Лукашэнка выказаўся яшчэ больш рэзка, маўляў, нават вярнуцца нельга:

Мы нікога трымаць не будзем. Але трэба разумець: з'ехаў — назад не вернешся, там будзеш працаваць і зарабляць тыя вялікія грошы, па якія з'ехаў.

Людзей гэта асабліва не спыняла. А, магчыма, яны сутыкнуліся з чысткамі. У любым выпадку ў 2020 годзе сфера аховы здароўя страціла амаль 3,4 тысячы чалавек, хоць у папярэднія гады звычайна назіраўся прыток кадраў. 

Пропали белорусы? Как Лукашенко пришёл от “не держим” до “созидания” с уехавшими
З 2019 года Белстат дае дадзеныя па ахове здароўя за студзень-снежань. Яны адрозніваюцца ад гадавых і звычайна меншыя / дадзеныя Белстата

У жніўні 2021 года Лукашэнка ўсё яшчэ падтрымліваў ваяўнічую рыторыку ў адрас сваіх жа суграмадзян. Напрыклад, пра айцішнікаў выказаўся так:

Я не ведаю: якія там паўтары тысячы з'ехалі? У нас жа сталы прырост у ІТ-парку. Але нават калі дзве тысячы — да ніткі разбярэмся. Чаго ты туды паехаў? Добра, вяртаешся — будзем персанальна па кожным разбірацца.

"Разбірацца" яшчэ было з кім. Да 2022 года спецыялісты працягвалі прыходзіць у сферу IT, хоць і менш актыўна.

Пропали белорусы? Как Лукашенко пришёл от “не держим” до “созидания” с уехавшими
Амаль чвэрць адтоку кадраў у 2022 годзе прыйшлася на IT / дадзеныя Белстата

Калі не шкада айцішнікаў, то Святлану Ціханоўскую і іншых палітычных гульцоў тым больш. У пачатку снежня 2021 года Лукашэнка кажа:

Ніякай апазіцыі ў Беларусі з ліку збеглых быць не можа. Збег — там і сядзі!
 

“Парада — кайцеся і станавіцеся на калені”

Амаль за два месяцы адбыўся нейкі пералом. Ці то Лукашэнка ўбачыў, што другі год людзі ўсё хутчэй бягуць з эканомікі, ці то справа ў нечым іншым. Аднак 28 студзеня 2022 года ён ужо кажа пра вяртанне "збеглых". Праўда, ім давядзецца каяцца і стаяць на каленях.

Мая вам парада: дадому. Кайцеся і станавіцеся на калені. Заплаціце штрафныя санкцыі за ўчыненую шкоду.

У чэрвені 2022 года Лукашэнка не тое, каб кліча кагосьці дадому, але ўпэўнены, што людзі вярнуліся б, нягледзячы на тое, што сам ён застаўся на тым жа месцы:

— Пабеглі за мяжу, а сёння 95 адсоткаў (яны ўжо пішуць адкрыта) хочуць назад вярнуцца: "Вось, калі б Аляксандр Рыгоравіч дараваў і адкрыў мяжу"... 95 адсоткаў вярнуліся б.

У верасні 2022 года Лукашэнка працягвае развіваць сваю ідэю.

Ёсць шмат зваротаў. Ясна, што можа там і нейкі адсотак мярзотнікаў вярнуцца. Можа, і завербаваныя. Няхай сабе і шпіёны, іх мы вылічым. Каб тут не ўтварыліся тэрарыстычныя ячэйкі. Я яшчэ не вызначыўся, якім чынам нам адсеяць. Трэба быць вельмі асцярожнымі. Адпіхвацца ні ад каго не трэба. Гэта ж жыццё людзей, іх лёс.

Пропали белорусы? Как Лукашенко пришёл от “не держим” до “созидания” с уехавшими
Калі настаўнікаў будзе забіраць з урокаў АМАП, то і працаваць не будзе каму / дадзеныя Белстата

Нарэшце, 24 студзеня 2023 года Лукашэнка гаворыць пра мір. Тым, хто з'ехаў, трэба будзе раскаяцца, але на каленях, можа, і не прыйдзецца стаяць.

Тыя, хто гатовы жыць у міры, ствараць для дабра сваёй краіны, не павінны быць адпрэчаныя грамадствам. Нам не трэба закрывацца ад тых, хто спатыкнуўся і ўсвядоміў гэта, а трэба зрабіць крок насустрач.

Магчыма, Лукашэнка засумаваў без падаткаў айцішнікаў. Бо з агульнага адтоку кадраў у 66,4 тысяч чалавек за студзень-лістапад 2022 года на IT-спецыялістаў прыйшлася амаль чвэрць — 15,4 тысячы чалавек. Гэтая ж група людзей больш мабільная за іншых і з найбольшай верагоднасцю з'ехала за мяжу. Праўда, адной рукой Лукашэнка з генпракурорам Шведам рыхтуе працэдуры для вяртання тых, хто з'ехаў, а другой праводзіць палітыку, пры якой людзей працягваюць саджаць у турмы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі