Зікрацкі — пра закрытыя суды: нязграбная спроба схаваць рэальнае становішча
Юрыст Сяргей Зікрацкі кажа, што рашэнне праводзіць закрыты суд над палітвязнямі парушае закон.
Рашэнне ўлады праводзіць закрыты суд над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым парушае законы Беларусі. Пра гэта заявіў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі.
"Разгляд справы ў закрытым судовым пасяджэнні дапускаецца ў выключных выпадках: напрыклад, калі гаворка ідзе пра захаванне дзяржаўных сакрэтаў, прадухіленне распаўсюду звестак аб інтымных баках жыцця, у выпадках, калі злачынства здзейсніла асоба, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту.
Відавочна, што закрытыя суды — гэта нязграбная спроба схаваць ад грамадскасці рэальнае становішча спраў. Усім відавочна, што на працягу больш за год следства не сабрала ніводнага доказу вінаватасці Сяргея Ціханоўскага і іншых абвінавачаных па гэтай справе", — заяўляе Зікрацкі.
Ён нагадвае, што нядаўна такі ж закрыты суд адбыўся над Паўлам Севярынцам, Ірынай Шчаснай, Яўгенам Афнагелем, Андрэем Войнічам, Паўлам Юхневічам, Дзмітрыем Казловым і Максімам Вінярскім. "Усе гэтыя людзі не здзейснілі нічога незаконнага, і рэжым проста баіцца, што гэта стане вядома ўсім, калі справа будзе слухацца адкрыта", — упэўнены юрыст.
Таксама не адпаведным закону ён лічыць тое, што суд будзе праходзіць у СІЗА. Адпаведна, на яго не змогуць трапіць сваякі палітвязняў. "Адзіны дакумент, у якім сказана пра магчымасць праводзіць выязныя судовыя пасяджэнні па-за памяшканнямі судоў, — гэта пастанова Пленума Вярхоўнага суда аб забеспячэнні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя", — падкрэслівае Зікрацкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.