Вы тут

Жыхары Мінска атрымалі дзіўныя агіт-жыроўкі

Дзіўныя жыроўкі прыходзяць і ў папяровым, і ў электронным выглядзе / sb.by​

Займальнае чытво атрымалі разам з жыроўкамі жыхары Мінска, паведамляе TUT.BY. На адваротным баку плацёжкі размешчаны тэкст пра бел-чырвона-белы сцяг і вынікі апытання грамадскай думкі, згодна з якім, Аляксандру Лукашэнка "давяраюць 66,5% жыхароў Беларусі".

Аповед пра сцяг азагалоўлены наступным чынам: "Увага! Не дайце сябе падмануць! Міфы пра бчб-сцяг". 

"Да падзей 1917 года такі элемент нацыянальнай сімволікі адсутнічаў. Таму запомніце: сцвярджэнні аб нібыта старажытным паходжанні бчб-сцяга — навязаны беларусам і некаму выгадны псеўдагістарычны міф", — напісана ў жыроўцы.

Акрамя таго, сцвярджаецца, што "БЧБ — гэта сцяг здраднікаў і катаў свайго народа. Здраднікі з бчб-нашыўкамі палілі Хатынь, Азарычы, Олу і яшчэ тысячы беларускіх вёсак". Гэтая думка раней гучала ў выступе Лукашэнкі ў Хатыні.  Але гісторыкі нагадваюць, што гэтыя сцвярджэнні пра Хатынь як мінімум спрэчныя.

Існаванне бел-чырвона-белага сцяга як дзяржаўнага на пачатку 90-х аўтары з камунальных структур назвалі "авантурай", канец якой "паклаў народ" на рэферэндуме 1995 года.  

Пра дзіўныя плацёжкі ўжо паведамілі жыхары Маскоўскага, Заводскага, Першамайскага раёнаў Мінска. TUT.BY адзначае, што плацельшчыкі атрымліваюць жыроўкі з такім чытвом як у папяровым, так і ў электронным выглядзе. Ва ўсіх выпадках аплату за жыллёва-камунальныя паслугі налічае адзіны разлікова-даведачны цэнтр Мінска. Атрымаць каментар у АРСЦ Мінска журналістам пакуль не ўдалося.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.