Жыхарку Мазыра асудзілі за відэа расійскага верталёта, які пралятаў над домам
Жыхарку Мазыра Ганну Пышнік (Чымпаеш) асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму. Яе прызналі вінаватай у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Крымінальную справу разглядаў Гомельскі абласны суд.
Як піша "Гомельская праўда", 25 лютага ў Калінкавічах жанчына зняла відэа са следам "ваеннага аб'екта", які праляцеў у небе. І дадала каментар, што гэта след ад выпушчаных ракет. Другі ролік быў зняты ў Мазыры над яе домам праз два дні. На відэа трапілі некалькі верталётаў (расійскіх). Па версіі следства, ролікі яна даслала ў адзін з тэлеграм-каналаў. Сцвярджаецца, што ў тэлефоне былі знойдзены 17 відэа з перасоўваннем расійскай ваеннай тэхнікі ў Беларусі.
Ганне Пышнік 28 гадоў. Яе затрымалі 22 сакавіка, да суда ўтрымлівалася ў следчым ізалятары №3 у Гомелі. У красавіку беларускія праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай. Жанчына мае непаўналетнюю дачку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.