Жорсткі фарс — у амбасадзе ЗША пракаментавалі прысуд Віктару Бабарыку

Віктар Бабарыка / Reuters
Віктар Бабарыка / Reuters

Амбасада ЗША ў Беларусі пракаментавала прысуд Вярхоўнага суда па справе Віктара Бабарыкі. Экс-банкіра асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі. Пракурор прасіў прызначыць яму пакаранне ў 15 гадоў.

Бабарыку абвінавачвалі ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і атрыманні хабару. Ён віны не прызнаў і назваў справу палітычна матываванай.

"Жорсткі фарс судовай сістэмы Беларусі, які выявіўся сёння праз прысуд Віктару Бабарыку, паказаў, што рэжым Лукашэнкі не спыніцца ні перад чым, каб захаваць уладу", гаворыцца ў паведамленні амерыканскага дыппрадстаўніцтва, апублікаваным у Twitter.

Адзін з былых адвакатаў Віктара Бабрыкі Аляксандр Пыльчанка нагадаў, што за наўмыснае забойства ў Беларусі часам даюць менш.

"Што можна сказаць пра тэрмін. Скажу так: наўмыснае забойства ў нас ад 6 да 15, а прасіць тэрмін 15 гадоў і даваць такі ж прыкладна... Думаю, для Бабрыкі тэрмін не прынцыповы. Сама кваліфікацыя няправільная",сказаў ён у інтэрв'ю Радыё "Свабода".

Ён таксама выказаў упэўненасць, што найбліжэйшым часам справа Віктара Бабарыкі будзе перагледжаная і экс-банкір будзе вызвалены.

Адваката Бабарыкі Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі ў мінулым кастрычніку, пасля таго як ён пракаментаваў СМІ падзеі 9-12 жніўня 2020 года і выказваў сваё меркаванне, што можа ў такіх умовах рабіць Генпракуратура.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі