Жонкі заблакаваных на “Азоўсталі”: “Мы гатовы стаць жывым шчытом”

Марыупаль / фота гарадской рады
Марыупаль / фота гарадской рады

Жонкі, сёстры і матулі ўкраінскіх ваяроў, заблакаваных у Марыупалі, прыехалі ў Кіеў, каб прасіць урад пра больш актыўныя дзеянні. Яны кажуць, што гатовы выступіць у ролі жывога шчыта, калі гэта дапаможа эвакуяваць людзей у бяспечнае месца, піша ВВС.

Ваяры, пра якіх ідзе гаворка, знаходзяцца ў аблозе на тэрыторыі металургічнага камбіната “Азоўсталь”. Нядаўна прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін загадаў атачыць тэрыторыю завода войскамі так, каб “муха не праляцела”.

Сваякі заблакаваных вайскоўцаў кажуць, што мужчыны знясілены, запасы ежы і вады заканчваюцца, піша журналістка ВВС Сара Ренсфорд. Сем'і больш за ўсё занепакоены тым, што ў перамовах з Масквой пра эвакуацыю з завода гаворка галоўным чынам ідзе пра лёсы мірных жыхароў, а не салдат.

“Калі кажуць пра зялёныя калідоры ці эвакуацыю, кажуць пра грамадзянскіх, а не пра вайскоўцаў, і я вельмі занепакоена. Вайскоўцы таксама людзі”, — кажа украінска Вольга, жонка аднаго з заблакаваных на “Азоўсталі” мужчынаў.

“Мы не павінны падзяляць салдатаў і мірных жыхароў: усе яны нашы ўкраінцы. Усе яны павінны жыць. Мы не вінаваты, што на нас напалі”, — кажа іншая суразмоўніца ВВС.

Жанчыны заклікаюць улады ўзмацніць ціск і запатрабаваць стварэнні гуманітарнага калідора для ўсіх людзей, якія захраслі ў Марыупалі. Прапануюць выклікаць святароў, прэсу, нават расійскія СМІ, калі гэта дапаможа, каб гарантаваць бяспеку на маршруце. Але яны падкрасляюць, што час ідзе.

Дакладны лік тых, хто хаваецца ў Марыупалі, невядомы, але мяркуецца, што іх сотні, у тым ліку некалькі дзяцей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі