Вы тут

Жонка памерлага палітвязня Ашурка распавяла, што ў яго не было праблем з сэрцам

Вітольд Ашурак

Жонка загінулага палітвязня Вітольда Ашурка распавядае, што ў яе мужа ніколі не было праблем з сэрцам. Хаця папярэдняй прычынай смерці 50-гадовага беларускага апазіцыянера названае якраз спыненне сэрца.

Таксама Вольга кажа, што апошні ліст ад Вітольда прыйшоў 30 красавіка. З таго часу — цішыня, хаця раней лісты прыходзілі кожныя 10 дзён.

Больш ніякай інфармацыі пра прычыны і абставіны смерці палітвязня ў яе няма. У Следчым камітэце па нумарах, якія ёй далі, ніхто не бярэ трубку, паведамляе Белсат.

Пра смерць Вітольда Ашурка стала вядома вечарам 21 мая. Яго ўтрымлівалі ў шклоўскай папраўчай калоніі №17. Менавіта з ліста Ашурка нядаўна стала вядома, што ў калоніі на адзенне асуджаных па пратэстных артыкулах прышываюць жоўтыя біркі.

Вітольд Ашурак — актывіст з Ліды, удзельнічаў у працы Партыі БНФ і руху "За Свабоду!". У 2021 годзе яго ўпершыню затрымалі 9 жніўня, у дзень выбараў. Суд арыштаваў яго на 20 сутак: 15 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і 5 — за тое, што адмовіўся ўстаць, калі ўвайшоў суддзя. Неўзабаве яго адпусцілі, але ўжо тады была распачатая крымінальная справа.

У студзені 2021 года Вітольд Ашурак быў асуджаны на 5 гадоў калоніі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці невядомыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.