Вы тут

Здаецца, мала што змянілася — J:морс выпусціў песню да гадавіны аварыі на ЧАЭС

Лідар J:морс Уладзімір Пугач рос у Пінску, у красавіку 86-га яму было дзесяць / скрыншот

Гурт J:морс выпусціў кампазіцыю, прысвечаную аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Роўна 35 гадоў таму, 26 красавіка 1986 года, на мяжы з Беларуссю выбухнуў адзін з рэактараў ЧАЭС. Савецкія ўлады спачатку спрабавалі схаваць інфармацыю пра аварыю. Але ў заходніх краінах быў зафіксаваны скачок радыяцыі, пачаліся пытанні, і чыноўнікам з СССР давялося рэагаваць.

"У красавіку 86-га мне споўнілася дзесяць. У Пінску, дзе я рос, многія даведаліся пра катастрофу дзень у дзень, 26 красавіка. На ўзроўні чутак аб атамным выбуху, вядома", піша лідар J:морс Уладзімір Пугач у анатацыі да кампазіцыі "1986".

Ён успамінае, што вучыўся ў другую змену, і бацькі ў той дзень не пусцілі яго ў школу. Але гэта не парадавала, прызнаецца Пугач.

"Быў асляпляльна яркі сонечны дзень. Я глядзеў у акно і адчуваў жах. Жахлівы страх перад нябачнай, неадчувальнай стыхіяй, якая стрымана забівае ўсё жывое. Пагрозай, ад якой не абароняць ні тоўстыя сцены, ні мама з татам, ні армія... " — успамінае ён.

Прайшло 35 гадоў, цяпер Пугачу 45, але ў стаўленні ўлады да людзей "здаецца, мала што змянілася".

"Тэхнагенныя катастрофы змяняюцца сацыяльнымі ўзрушэннямі, а мы ўсё гэтак жа з жахам выглядаем у вокны, турбуемся і не спім праз блізкіх, перажываем боль страт, баімся невядомасці і спадзяёмся на лепшае", — кажа музыка.

У кліпе "1986" выкарыстоўваюцца фатаграфіі, зробленыя на вуліцах беларускіх гарадоў у апошні год.  Яны ілюструюць у тым ліку і такія радкі:

Все такая же пустота

И такое же небо днем

Все, как в восемьдесят шестом,

Перегрето

Мы под утро тебя найдем

И, как будто, еще в живых

Каждый ищет своих

Этим летом…

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.