Зажывём па-новаму: што падаражэла ў Беларусі з 1 студзеня

Беларускіх рублёў у 2021-м спатрэбіцца больш / Еўрарадыё
Беларускіх рублёў у 2021-м спатрэбіцца больш / Еўрарадыё

У новы год з новымі цэнамі! Якія змены прынясе 2021-ы — ужо вядома: беларусам варта чакаць падаражэння цэлага шэрагу паслуг і тавараў. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, што і як падаражэла з 1 студзеня.

Паслугі ЖКГ

Жыллёва-камунальныя паслугі ў 2021 годзе будуць даражэць у два этапы з розніцай у паўгода: з 1 студзеня і з 1 чэрвеня. Гэта вынікае з указа Аляксандра Лукашэнкі №490 "Аб усталяванні тарыфаў для насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі на 2021 год".

Паслугі па тэхабслугоўванні і капітальным рамонце жылых дамоў, газа-, электра- і водазабеспячэнні, водаадвядзенні, па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі, тэхабслугоўванні ліфта, запорна-перагаворных прылад, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў шматкватэрнага жылога дома, памеры кампенсацыі выдаткаў на электраэнергію — усё гэта ў суме падаражэе з пачатку года на 4,2 долара.

А праз паўгода на 0,8 долара вырастуць тарыфы на паслугі цеплазабеспячэння для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння.

Лекі і медвырабы

З новай рэдакцыі Падатковага кодэкса знік пункт аб вызваленні ад ПДВ некаторых лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў. І хоць Мінфін спрабаваў супакоіць беларусаў, маўляў, "гэта не закране пацыентаў", але з заяў чыноўнікаў становіцца зразумела, што гаворка пра пацыентаў стацыянараў. А вось цэны на лекі ў аптэках могуць падвысіцца на суму падатку — а гэта на 10%!

Цыгарэты

Даражэй стане не толькі лячыцца, але і добраахвотна шкодзіць свайму здароўю. Праз змены падатковага заканадаўства з 1 студзеня павінны падвысіцца і цэны на некаторыя маркі цыгарэт. Аднак вытворцы і імпарцёры пакуль не агучылі, як канкрэтна зменіцца іх кошт.

Пакупкі з кэшбэкам

1 студзеня заканчваецца тэрмін дзеяння указа №493 "Аб развіцці безнаяўных разлікаў". Гэты дакумент уводзіў ільготу па выплаце падаходнага падатку з кэшбэку (сумы, якая вяртаецца пакупніку пасля куплі). Падатак, згодна з указам, трэба было плаціць, толькі калі кэшбэк перавышаў 2% ад сумы пакупкі.

Некаторыя камерцыйныя банкі (Альфа-Банк, Банк Дабрабыт) папярэджваюць, што з 1 студзеня падатак будзе спаганяцца з усёй сумы кэшбэку. У іншых журналістам сказалі, што пакуль не валодаюць інфармацыяй пра змены, звязаныя з выплатай падатку з кэшбэку.

Адпаведна, пакупкі, якія раней прадугледжвалі частковае вяртанне сродкаў, цяпер будуць абыходзіцца даражэй.

Зарадка электрааўтамабіляў

З 1 студзеня 2021 года станцыі зарадкі Malanka стануць платнымі. Кошт 1 кВт на "хуткіх" станцыях пастаяннага току складзе 39 капеек, на "павольных" станцыях пераменнага току — 29 капеек. Зарадзіць акумулятар Tesla ёмістасцю 85 кВт·г, на якім машына можа праехаць 380 км, будзе каштаваць ад 24 рублёў 65 капеек (павольна) да 33 рублёў 15 капеек (хутка).

Электрастанцыі, якія належаць дзяржаўнай кампаніі "Беларуснафта", былі бясплатнымі з моманту запуску — з 2014 года. Навагодні "падарунак" для тэславодаў: шасцігадовая халява хутка скончыцца.

Штрафы

З 27 да 29 рублёў павысіцца базавая велічыня. Адпаведна, падаражэюць і прывязаныя да яе пошліны і штрафы.

Напрыклад, максімальны штраф паводле часткі 1 артыкула 23.34 КаАП ("Парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства") складзе 870 рублёў (цяпер — 810 рублёў). Пратэст стане не толькі "хлопотным дельцем", але і больш затратным.

***

Аднак не спяшайцеся засмучацца: з 1 студзеня павялічыцца і мінімальны заробак. Ён складзе 400 рублёў замест цяперашніх 388 рублёў 42 капеек. А гэта, калі на тое, розніца ў цэлых 11 рублёў 58 капеек!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі