Вы тут

Затрыманаму ў Конга Зінгману абвінавачанне пакуль не прад'яўлена — адвакат

Зінгман (злева) суправаджае кіраўніка УСП Віктара Шэймана ў паездцы па Афрыцы  

Беларускаму бізнесмену Аляксандру Зінгману, які быў затрыманы ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (ДРК) на мінулым тыдні, дагэтуль не выстаўленае абвінавачанне.  Ён быў затрыманы разам з яшчэ адным грамадзянінам Беларусі Алегам Водчыцам і італьянскім бізнесменам Паола Персіка 19 сакавіка ў Лубумбашы — другім па велічыні горадзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. 

Сям'я і партнёры Зінгмана пакуль безвынікова спрабуюць зразумець, што стала прычынай затрымання.

"Аніякіх афіцыйных тлумачэнняў не было прадастаўлена", — кажа жонка бізнесмена. Яе словы публікуюцца са спасылкай на паведамленне AFTRADE — кампаніі, якая належыць Зінгману.

Спадарыня Зінгман таксама распавяла, што адвакат змог коратка пагутарыць з бізнесменам у аўторак. "Але, улічваючы нестабільнасць у краіне і нядаўнюю смерць італьянскага пасла, гэта вельмі трывожная сітуацыя для ўсёй сям'і, сяброў і калег Аляксандра", — адзначыла яна.

Дырэктар прадстаўніцтва AFTRADE ў Беларус Генадзь Масесаў заклікаў улады Конга "неадкладна вызваліць" усіх затрыманых і адзначыў, што "затрыманне заходніх бізнесменаў падчас дзелавога візіту не спрыяе нашым намаганням у развіцці гандлю з Афрыкай".

Адвакат Зінгмана Эстэр-Роўз Луфута са свайго боку падкрэсліла, што бізнес яе кліента быў законным. 

"Ён і яго партнёры па паездцы ўтрымліваюцца пад вартай без прад'яўлення абвінавачанняў і без выканання належнай прававой працэдуры. Мы настойліва заклікаем кангалезскія ўлады забяспечыць, каб іх чалавечыя і юрыдычныя правы цалкам абаронены", — адзначыла давокат.

Еўрарадыё раней падрабязна расказвала пра затрыманне Зінгмана і партнёраў у Конга, а таксама спрабавала зразумець яго інтарэсы ў гэтым рэгіёне. Нагадаем, СМІ шэрагу афрыканскіх краін часта называлі Зінгмана "дарадцам памочніка Лукашэнкі", маючы на ўвазе якраз Віктара Шэймана. Разам з кіраўніком Упраўлення справамі прэзідэнта бізнесмена бачылі на афіцыйных сустрэчах у Зімбабвэ і Замбіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.