Вы тут

Зашквар для бізнес-клімату і пагроза інфапрасторы: эксперты пра "справу TUT.BY”

Падчас ператрусу дзверы офіса TUT.BY былі завешаныя чорным поліэтыленам / Еўрарадыё

Раніцай 18 траўня прайшлі ператрусы ў рэдакцыі TUT.BY і ў некаторых супрацоўнікаў партала. Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў, што гэта звязана з крымінальнай справай у дачыненні да службовых асоб ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Нягледзячы на працэдуры адбору рэзідэнтаў ПВТ, якім ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" было да 18 траўня, і ўнутраны кантроль адміністрацыі, супрацоўнікі ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" абвінавачваюцца ў тым, што незаконна выкарыстоўвалі льготы парка. ДФР прыйшоў і ў AV.BY, які таксама з'яўляўся рэзідэнтам ПВТ.

Еўрарадыё даведалася, чым такая сітуацыя пагражае бізнесу і грамадству.

Дзверы ў тамбур галоўнага рэдактара TUT.BY Марыны Золатавай выламалі / Еўрарадыё

Адміністрацыя ПВТ не стала вырашаць пытанне з TUT.BY

Сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Максім Баграцоў адзначае, што крымінальны пераслед ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" і іншых кампаній яшчэ раз прымусіць задумацца бягучых і патэнцыйных рэзідэнтаў ПВТ, ці вартыя хоць чагосьці льготы парка.

— Гэта ж не першы і нават не дзясяты званочак. Тыя, хто цяпер засталіся тут працаваць, усведамляюць рызыкі, а тыя, у каго была магчымасць гэтымі рызыкамі не тлуміць сабе галаву, даўно не карыстаюцца беларускай юрысдыкцыяй і не адкрываюць тут бізнесаў.

“Калі патрэбныя грошы, могуць прыйсці да любога”

Прадказаць, як бізнес і інвестары адрэагуюць на крымінальную справу ў дачыненні да рэзідэнтаў ПВТ, складана, кажа старэйшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

— Нічога новага пра беларускі бізнес-клімат мы не даведаліся. Любы бізнес можа быць ліквідаваны. Любому могуць быць прад'яўленыя надуманыя падатковыя прэтэнзіі. Дастаткова ўспомніць справу Белгазпрамбанка, які праходзіў праверкі Нацбанка, а потым раптам з'явіліся парушэнні. Тыя, хто ведаюць нашу гісторыю, не павінны моцна здзіўляцца. Гэта тычыцца і інвестараў.

Па словах аналітыка, інвестары, заходзячы на беларускі рынак, не столькі пераацэньваюць наш бізнес-клімат, колькі разлічваюць, што іх рызыкі не закрануць.

— Яны зыходзяць з ідэі: "А нас-та за што". Справа ў тым, што калі бюджэту вельмі моцна патрэбныя грошы — а гэты момант ужо наступіў, — то могуць прыйсці да любога бізнесу. Асаблівых прычын і падстаў не трэба. Можа быць, для нас гэта гучная навіна, таму што гэта закранула найбуйнейшае незалежнае СМІ. Але тэхніка адкатаная — і маштаб нічога не вырашае, — працягвае Вадзім Іосуб.

Нават калі цяпер рэзідэнты пачнуць выходзіць з ПВТ, цалкам магчыма, што іх месца зоймуць іншыя, не выключае эксперт.

— Бізнес бізнесу не роўны: гэта можа быць прыватны незалежны бізнес або звязаны з дзяржавай і набліжанымі фігурамі. Можа, на кожную фірму, што сышла з ПВТ, знойдуць дзве з патрэбнымі людзьмі і з патрэбнымі заснавальнікамі, якія будуць папаўняць шэрагі ПВТ.

Пра апошнія падзеі выказаўся таксама ваенны эксперт Ягор Лебядок. На яго думку, TUT.BY — "бар'ер на шляху расійскага кантэнту ў галовы беларусаў".

— Для Лукашэнкі зачыстка такога роду СМІ — гэта ўтрыманне ўлады ад крытыкі, у тым ліку і ў кантэксце магчымых палітычных кампаній па Канстытуцыі (што і для Расіі, верагодна, патрэба). Для Пуціна — гэта зачыстка беларускай інфармацыйнай прасторы ад усяго беларускага з прасоўваннем расійскага парадку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.