Запуск другога блока БелАЭС запланаваны на чацвёрты квартал 2021 года

Беларуская АЭС у Астраўцы / Еўрарадыё
Беларуская АЭС у Астраўцы / Еўрарадыё

Энергетычны пуск другога энергаблока Беларускай АЭС запланаваны на чацвёрты квартал 2021 года, паведамляе TUT.BY са спасылкай на дырэктара па будаўніцтве Беларускай АЭС Інжынірынгавага дывізіёна дзяржкарпарацыі "Расатам" Аляксея Кананенку.

Зараз на аб'екце ідуць пусканаладачныя работы.

"У гэтым годзе мы плануем ажыццявіць фізічны пуск, гэта значыць пачаць загрузку свежага ядзернага паліва ў рэактар", — распавёў Кананенка.

Пасля завяршэння загрузкі другі рэактар БелАЭС будзе выведзены на мінімальна кантраляваны ўзровень магутнасці — 1% ад намінальнай, далей пачнуцца даследаванні, якія павінны пацвердзіць надзейнасць і бяспеку энергаблока на праектных параметрах. Толькі затым адбудзецца энергетычны пуск — блок уключаць у энергетычную сетку Беларусі.

"Вось такі графік на 2021 год", — адзначыў Кананенка. Здаць у эксплуатацыю другі блок плануюць у сярэдзіне 2022 года.

Дырэктар па будаўніцтве Беларускай АЭС таксама адзначыў, што на будоўлі другога энергаблока спатрэбіўся вопыт збудавання першага. Па яго ацэнцы, "усе ўрокі першага блока ўлічаныя. Гэта станоўча ўплывае на выкананне запланаваных аб'ёмаў работ".

Нагадаем, пасля запуску першага энергаблока ў навінах перыядычна стала з'яўляцца інфармацыя аб яго выключэнні і ўключэнні. У Мінэнерга гэта патлумачылі планавымі даследчымі працамі.

У чарговы раз першы энергаблок адключылі ад сеткі 10 сакавіка — для правядзення даследаванняў ксенонавых пераходных працэсаў у рэактарнай устаноўцы са зніжэннем яе магутнасці да мінімальна кантраляванага ўзроўню.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі