Закон аб амністыі ў Палаце прадстаўнікоў плануюць прыняць у пачатку лістапада

У Палаце прадстаўнікоў праходзіць папярэдняе абмеркаванне праекта закона "Аб амністыі" / БЕЛТА 
У Палаце прадстаўнікоў праходзіць папярэдняе абмеркаванне праекта закона "Аб амністыі" / БЕЛТА 

Праект закона "Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства" дэпутаты плануюць разгледзець на сесіі ў пачатку лістапада, піша БЕЛТА са спасылкай на члена Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Марыну Лянчэўскую. Сёння праходзіць папярэдняе абмеркаванне гэтага дакумента.

"Будзем прапаноўваць дадзены законапраект для разгляду ў першым і адразу ў другім чытанні. Яго чакаюць людзі", - сказала Лянчэўская.

Амністыя закране 8,5 тысяч чалавек, паведаміў падчас папярэдняга абмеркавання законапраекта намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч. Пры гэтым вызваліць плануюць каля 4,5 тысяч асуджаных, "у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі — 1600, з іх 10 непаўналетніх, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу — 500, з крымінальна-выканаўчых інспекцый — 2,5 тысяч". Яшчэ 4 тысячам асуджаных скароцяць тэрміны на год.

Дзень народнага адзінства, да якога ўлада прымеркавала амністыю, быў 17 верасня, аднак тэкст законапраекта быў апублікаваны толькі ў сярэдзіне кастрычніка. "Палітычных" сярод амніставаных, мяркуючы па ўсім, не будзе. Пад амністыю не трапяць асуджаныя па арт. 130 (распальванне варожасці), 293 (масавыя беспарадкі), 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), 368 (абраза Прэзідэнта), 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Таксама амністыя не закране тых, хто мае дачыненне да "экстрэмісцкай дзейнасці", "тэрарыстычнай дзейнасці", а таксама тых, хто "злосна парушае вызначаны парадак падчас адбывання пакарання або іншых мер крымінальнай адказнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі