Вы тут

Забіралі двума ўазікамі і трыма нарадамі: як пратэстуе бодзібілдар з Глыбокага

Аляксандр Шарабайка / сямейны архіў

"Гісторыя майго пратэсту пачалася, калі я зразумеў, які бардак дзеецца ў ФАКу, дзе я трэніраваў хлопцаў, і як працуюць у будбрыгадзе пры райспажыўтаварыстве, куды трапіў пазней", — расказвае Еўрарадыё 49-гадовы Аляксандр Шарабайка, або, як яго называюць у Глыбокім, Арні.

У горадзе, дзе пражывае каля 20 тысяч чалавек, каларытнага барадатага мужчыну ведаюць многія. Праходзячы міма, адны ўсміхаюцца — і ад гэтага на душы ў Аляксандра заўсёды становіцца светла, "як падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай, калі разумееш, колькі людзей побач, якім неабыякавы лёс Беларусі". У іншых усмешкі нацягнутыя, але такіх, кажа суразмоўнік, мала, і на іх ён не звяртае ўвагі.

Аляксандр расказвае Еўрарадыё, як гэта — пратэставаць у маленькім горадзе, сядзець у камеры і піць каву, пагубляць кліентаў і не журыцца.

Сям'я Аляксандра Шарабайкі: Аляксандр, дачка Арніка, жонка Алена

Прыехаў на плошчу і ўключыў перамены

Увечары 9 жніўня Аляксандр прыехаў на ровары на плошчу каля райвыканкама і на калонцы ўключыў "Перамен" Віктара Цоя. Да яго падцягнуліся людзі, якія прыйшлі выказаць нязгоду з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Міліцыя папрасіла разысціся, маўляў, музыка камусьці перашкаджае. Прысутныя адказалі, што нікому нічога не перашкаджае і заскандавалі "Жыве Беларусь!". Пазней іх папярэдзілі яшчэ раз, маўляў, не разыдзецеся праз пяць хвілін — будзем караць.

Арні сеў на ровар і ў 23:54 быў ужо дома.

"Не паспеў пераадзецца, гляджу — па мяне прыехала адразу два ўазікі! — успамінае мужчына. — Мы стаялі на вуліцы. Жонка не хацела адпускаць мяне з сілавікамі. Адзін з міліцыянераў, выпадкова ці не, але ўдарыў жонку. Пасля невялікай сутычкі я зачыніў брамку, пайшоў дадому, пераадзеўся, выпіў каву і сеў ва ўазік.

Вядома, міліцыя была ў шоку. Мабыць, не чакалі, што ўсё пройдзе так спакойна. Затрымліваць жа прыехала каля дзесяці чалавек. Але ва ўчастку я, вядома, выказаў усё, што пра іх думаю".

"Горад маленькі — усе ўсіх ведаюць"

Аляксандру далі пяць сутак. Спачатку яго пасадзілі ў камеру з журналістам. Потым прыйшоў нейкі начальнік і загадаў, каб Арні сядзеў адзін і ніхто з ім асабліва не камунікаваў.

"Цікава, што, калі мне давалі суткі за наступныя мітынгі, гісторыя паўтаралася, — успамінае мужчына. — Пасадзілі аднаго ў чатырохмесную камеру. Навошта? Не ведаю. Магчыма, баяліся, што пачну кагосьці агітаваць. А можа быць, проста вырашылі аказаць псіхалагічны ціск. Але наогул, і ў міліцыі, і ў ІЧУ працуе некалькі чалавек, якія раней кансультаваліся ў мяне па бодзібілдынгу. Ну і ўявіце: знаёмыя мяне садзяць, яны ж ахоўваюць. Горад маленькі — усе ўсіх ведаюць. Так што стаўленне было нармальнае. Сілы не ўжывалі, нават рукамі не чапалі. Ніякай грубасці. Мне знайшлі гарбату, каву, цыгарэты ў мяне таксама былі".

Вядома, кажа Арні, так ставіліся не да ўсіх. У Глыбокім затрыманні выглядалі гэтаксама, як і па ўсёй краіне. Удзельнічаў у акцыях ці не — ніхто не разбіраўся. Кагосьці папярэджвалі, камусьці давалі штрафы, хтосьці атрымліваў дубінкай, некаторых саджалі.

І гэта таксама Арні

Але жыхароў мястэчка гэта не спыняла. Людзі прыходзілі да райвыканкама і "шумелі". Па словах суразмоўніка, часам збіраліся па 40 чалавек — для невялікага горада гэта нямала. Дзяржслужбоўцам гэта, вядома, не падабалася. Арні кажа, каб не перасякацца з пратэстоўцамі, некаторыя з чыноўнікаў выходзілі на абед праз чорны ўваход. 

"Суддзя ўсміхнуўся, адвярнуў твар, махнуў рукой і пастанавіў — 40 базавых!" 

За "ўдзел у несанкцыянаваных акцыях" Аляксандр пабываў у ізалятары яшчэ некалькі разоў.

Аднойчы сілавікі прыехалі па яго проста ў школу, куды мужчына прыйшоў па васьмігадовую дачку.

"Дзесяць метраў ад школьных варот! — абураецца Арні. — Да мяне падыходзяць два клоўны ў масках і ў форме. Не прадстаўляючыся, не паказваючы дакументаў, хапаюць за рукі, спрабуюць кудысьці цягнуць. Самі не справіліся — выклікалі другі нарад. Потым прыйшоў трэці. Людзі хадзілі, здымалі на відэа, пыталіся: "Што ён зрабіў? Ён прыйшоў па дзіця! Вы спачатку затрымліваеце, а потым людзі знікаюць". У адказ — адмазкі, маўляў, ніхто не знікне, усё нармальна. Але я патэлефанаваў жонцы, сказаў, каб прыйшла па дачку. А ім сказаў, што нікуды не паеду да яе прыходу. Калі жонка прыйшла, аддаў ёй тэлефон, спакойна сеў з імі і паехаў. Суддзя падчас працэсу смяялася і доўга не магла зразумець, як гэта тры нарады не змаглі затрымаць аднаго і навошта наогул было столькі міліцыі, калі я потым пайшоў за імі сам. Ім не знайшлося што адказаць".

Арні і Арніка
Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі ў Глыбокім

Аляксандр успамінае яшчэ адзін суд — за БЧБ-сцяг, які вісеў на яго доме:

"Суддзя пытаецца, калі мы павесілі сцяг. Адказваю: 25 сакавіка, амаль пяць гадоў таму. Суддзя ўсміхнуўся, адвярнуў твар, махнуў рукой і пастанавіў — 40 базавых! Вось такі працэс. Колькі разоў да нас прыязджалі пасля мітынгаў, сцяг нікому не перашкаджаў. Пытанні з'явіліся толькі пасля таго, як загаварылі пра ўказ, які хочуць увесці. Вось так сёй-той імкнецца пратрымацца ля кармушачкі, каб лепей паесці". 

Дарэчы, суразмоўнік расказвае, што ў Глыбоцкім РУУС ёсць маёр, які раней працаваў настаўнікам гісторыі:

"Я калі сядзеў, пачуў, як у яго пацікавіліся, які на самай справе гэты БЧБ-сцяг. Ён адказаў, што гістарычны. "Тады чаго вы ўсе на яго заеліся?" — спыталі яго яшчэ раз. "Ну, такі загад", — адказаў маёр".

"Люблю цябе, маё маленькае чарцяня", ARNI / малюнак з камеры

Сібірак, але грамадзянін Беларусі

Сям'я Аляксандра пераехала ў Беларусь з Сібіры, калі ён быў маленькі. Тут Саша пайшоў у школу, адслужыў у ПДВ, пераспрабаваў усе віды спорту і спыніўся на бодзібілдынгу.

Арні — двойчы пацверджаны кандыдат у майстры спорту, удзельнік рэспубліканскіх спаборніцтваў, трэніруецца сам і дапамагае парадамі пачаткоўцам.

"Раней я працаваў трэнерам у нашым фізкультурна-аздараўленчым комплексе, — успамінае суразмоўнік. — Тры разы сыходзіў, таму што было проста немагчыма. Пастаянныя спрэчкі з кіраўніцтвам пра тое, што грошы кудысьці прафукваюцца, а рамонты ў спартзале канчаюцца на паперках у справаздачах. У рэальнасці ўсё валіцца і бурыцца, пластыкавыя вокны паставілі тры-чатыры гады таму. Да гэтага былі драўляныя, якія маглі выпасці вонкі. Вы можаце сабе такое ўявіць? Такі ўжо калгас... Канчаткова звольніўся ў 2011 годзе і больш не вяртаўся туды на трэнерскую працу. Цяпер ужо зрабілі больш-менш нармальны рамонт. Але калі ісці па калідоры, там прыгожа і акуратна, а ў раздзявалках усё засталося па-старому. Заходзіш — як у кароўніку".

Колькі часу Аляксандр працаваў у Мінску — даслужыўся да майстра ў будаўнічай канторы. Потым вярнуўся і ўладкаваўся ў будбрыгаду Глыбоцкага райспажыўтаварыства.

"Калі людзі ў камерцыйных фірмах хочуць зарабляць, яны працуюць не пакладаючы рук, хай і па восем гадзін у суткі, і атрымліваюць грошы. Дзяржаўная будбрыгада — гэта нешта! Тое, што можа зрабіць адзін рабочы, там выконваюць пяць-шэсць чалавек. Часам даводзілася па сто разоў перафарбоўваць адно і тое месца, таму што афарбоўка вядзецца не па правілах: і ў мароз, і пад дажджом. З аднаго боку, гэта, вядома, смешна, але з другога, смех потым пераходзіць у суцэльныя страты. А як у будбрыгадах крадуць грошы... Проста тупа вывозяць усё новае: фарбы, сумесі, кампаненты... Начальнікам рабіліся рамонты. Няма працы — брыгаду распускаюць у адпачынак за свой кошт, застаюцца толькі набліжаныя — ім ідзе заробак".

Паназіраўшы за гэтым, Арні зразумеў, што больш не хоча працаваць на дзяржаву, і сышоў. Вырашыў, раз "рукі растуць з правільнага месца", як-небудзь на жыццё заробіць:

"Я ў дзяржавы нічога не ўзяў, свой доўг Бацькаўшчыне, а не дзяржаве, аддаў. Зарабляць на сваю сям'ю маю поўнае права, а карміць халяўных прыкарытнікаў ніякага жадання няма. Наша сям'я займацца гэтым дакладна не збіраецца. Я і малюю добра, і разьбой па дрэве займаюся. Пачаў прыдумляць і майстраваць розныя фальш-калоны, каміны... Асвойваю новыя тэхнікі. У Беларусі такога, напэўна, ніхто і не робіць. Акрамя таго, у нас вялікі агарод: жонка па спецыяльнасці аграном, ёй там хапае працы. А які мы ўсёй сям'ёй плот ля дома выбудавалі — уручную, без механізацыі — проста любата! І дачка дапамагала!" 

Барацьба на апярэджанне і барная стойка з... ізалятара

З журналістам Еўрарадыё Аляксандра пазнаёміла яго жонка Алена. Нягледзячы на суткі, штрафы і нават ціск на дзіця, муж і жонка не баяцца выказваць актыўную грамадзянскую пазіцыю і, як могуць, адстойваюць свае правы.

Былая вучаніца Арні раней працавала псіхолагам у школе, дзе вучыцца яго дачка. Яна папярэдзіла, што дзяўчынку хочуць выклікаць на псіхалагічную гутарку. Сям'я спрацавала на апярэджанне.

"Мы напісалі заяву, каб ніякіх псіхолагаў, урокаў патрыятычнага і палітычнага кірунку без нашага ведама з нашай дачкой не праводзілася. Я прыйшоў да дырэктара, выказаў сваё меркаванне, там была яшчэ завуч. Яны так уважліва мяне слухалі, што перад маім адыходам нават не падняліся з крэслаў. Зразумелі, што спрачацца бескарысна", — кажа Аляксандр.

Нават герб "Пагоня", налеплены на дзённіку дзяўчынкі, настаўнікі зняць не асмельваюцца.

Сям'я Аляксандра

"У сям'і наогул усё клас, проста ачмурэнна, — расказваюць муж і жонка. — Мы шчаслівыя і робім тое, што павінны рабіць. Сядзець, груба кажучы, на сваёй дупе і маўчаць, бачачы, што адбываецца?.. У кожным разе гэта не па нас".

Але, якой бы аптымістычнай ні здавалася гэта гісторыя, дапамога сям'і Шарабайкаў усё-ткі спатрэбіцца.

Пакуль Аляксандр сядзеў на сутках, ён не мог выконваць заказы па сваёй працы, некаторыя кліенты пагубляліся, іншыя пабойваюцца звязвацца з актывістамі. А вось Аляксандр рвецца ў бой.

Алена перадавала яму ў камеру алоўкі і паперу. Арні не сумаваў і накідваў праекты ўсяго таго, што марыць змайстраваць у будучыні. Каміны, калоны, барныя стойкі... з ізалятара. Калі вы раптам захочаце ўпрыгожыць сваё жыллё чымсьці падобным, проста ўспомніце пра гэта майстра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.