Забастоўшчыцу з МТЗ забралі ў РУУС, калі яна з 7-гадовым сынам выгульвала сабаку

Ульяна Гарбачова / "УКантакце"
Ульяна Гарбачова / "УКантакце"

Былую работніцу Мінскага трактарнага завода Ульяну Гарбачову забралі ў РУУС, калі яна разам з сямігадовым сынам выгульвала сабаку. Сябры Ульяны доўга не ведалі, куды раптам знікла дзяўчына, таму напісалі пра яе выкраданне. Сама дзяўчына гэта выкраданнем не называе, хоць для яе затрыманне і стала сюрпрызам і падстаў для яго яна не бачыла:

— Затрымалі на рэчцы каля дома, каля трох гадзін, калі я гуляла з сынам і сабакам. Я б не сказала, што гэта выглядала выкраданнем. Падышлі двое мужчын у цывільным адзенні і прапанавалі праехаць з імі ў Партызанскае РУУС. Я прапанавала выклікаць мяне позвай, але мне сказалі, што ўсё-ткі давядзецца праехаць разам. Далей яны правялі мяне ў маю кватэру. Я пакінула дома сабаку, дзіця, і мы паехалі, — расказвае Еўрарадыё Ульяна.

Забастовщицу с МТЗ забрали в РУВД, когда она с 7-летним сыном выгуливала собаку
Ульяна і яе хатні гадаванец / "УКантакце"

Прыналежнасць людзей у цывільным адзенні да сілавых структур выклікала ва Ульяны сумнеў. Але падымаць шум яна не хацела — побач быў сямігадовы сын.

— Мне не хацелася яго палохаць, і мне было прасцей пагадзіцца, спакойна адвесці дадому дзіця і праехаць з імі. Калі сын спытаў, хто гэтыя людзі, якія да нас падышлі, я сказала, што гэта мае сябры і нам трэба з'ездзіць па справах, — кажа яна. — Я не разумела, з кім еду. Калі прывезлі, то пачалі задаваць розныя пытанні, потым аформілі пратакол за абрад "Гуканне вясны". Увечары мяне адпусцілі, і ўжо сёння суд вырашыў пакараць штрафам у 50 базавых — за тое, што "пагукалі вясну".

Забастовщицу с МТЗ забрали в РУВД, когда она с 7-летним сыном выгуливала собаку
Ульяна Гарбачова / "УКантакце"

Абрад, які выклікаў пытанні ў сілавікоў, праходзіў у лесе пад Мінскам. Гэта традыцыйнае народнае свята: людзі развітваюцца з зімой і клічуць вясну, каб яна прыйшла хутчэй.

— Вясну "гукалі" ў лесе пад Мінскам. Нічога такога не рабілі, проста сфатаграфаваліся, пакружылі карагоды. Ніякай сімволікі ў мяне з сабой не было. Я была проста ў чырвонай сукенцы, белы шалік на галаве, чырвонае палатно ў руках.

З рашэннем суда не згодная. Калі мяне затрымлівалі ў верасні за шэсце, то я не адмаўляла, што гэта было выражэнне грамадзянскай пазіцыі. Я была са сцягам, нічога не адмаўляла. А цяпер я лічу, што гэта было няправільна, таму што доказаў таго, што гэта быў пратэст, у іх не было ніякіх. Гэта толькі іх домыслы, меркаванні. Я лічу, што калі такі абрад існуе ў нашай краіне, то мы маем права яго праводзіць. Аказваецца, нам забараняюць нават гэта.

Ульяна Гарбачова 12 гадоў прапрацавала на МТЗ машыністам крана. Пасля таго як у кастрычніку яна далучылася да агульнанацыянальнай забастоўкі, яе звольнілі. Цяпер Ульяна вучыцца на тэставальніка.

Сыну пра сваё затрыманне дзяўчына раскажа, але крыху пазней.

— Пра мінулае маё затрыманне ён ведае. Ён хлопец дарослы — разумее, што адбываецца ў нашай краіне. Думаю, што я яму ўсё раскажу. Ён усё абсалютна правільна ўспрымае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі