За зліў даных сілавікоў і суддзі па справе Аўтуховіча пачалі крымінальныя справы

За зліў даных сілавікоў і суддзі па справе Аўтуховіча пачалі крымінальныя справы

Пракуратура Гродзенскай вобласці пачала крымінальныя справы за распаўсюд персанальных даных сілавікоў, турэмшчыкаў і суддзі па "справе Аўтуховіча". Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.

У пракуратуры заяўляюць, што "зліў даных" выявілі супрацоўнікі ўласнай бяспекі падчас "маніторынгу інфармацыі ў інтэрнэце". Маўляў, у "дэструктыўных" тэлеграм-каналах з'явіліся звесткі пра прыватнае жыццё і персанальныя даныя намесніка начальніка аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці, памочніка пракурора Савецкага раёна Мінска, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і папраўчай установы "Турма №1", суддзі Гродзенскага абласнога суда ды іх блізкіх сваякоў. Усё гэта звязана з разглядам крымінальнай справы Мікалая Аўтуховіча.

У прэс-службе дадаюць, што пад гэтымі данымі былі "каментары абразлівага характару".

Крымінальныя справы пачатыя за абразу службовай асобы, а таксама за незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці.

Расследаваць справу будзе Следчы камітэт.

Суд над "групай Аўтуховіча" ідзе ў гродзенскай турме №1 з 18 траўня. Абвінавачанымі праходзяць 12 чалавек. Аўтуховіча абвясцілі арганізатарам і кіраўніком "тэрарыстычнай групоўкі", якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі