За сваю грамадзянскую пазіцыю пацярпела больш за сто выкладчыкаў ВНУ і вучоных

Акцыя салідарнасці з адлічанымі студэнтамі і звольненымі выкладчыкамі ў кастрычніку 2020-га / З архіву Еўрарадыё
Акцыя салідарнасці з адлічанымі студэнтамі і звольненымі выкладчыкамі ў кастрычніку 2020-га / З архіву Еўрарадыё

За апошнія паўгода праз ціск у сувязі з грамадзянскай пазіцыяй пацярпелі 113 выкладчыкаў ВНУ і вучоных. Такую статыстыку паведамляюць з офіса па адукацыі кабінета Святланы Ціханоўскай.

Пры гэтым 30 выкладчыкаў і 17 вучоных засталіся без працы — былі звольненыя або вымушаныя сысці ў знак салідарнасці з калегамі. Пакінулі ранейшую працу, у прыватнасці, дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Генадзь Коршунаў, дэкан факультэта камп'ютарных сістэм і сетак БДУІР Марына Лукашэвіч, намеснік дэкана прыродазнаўчага факультэта БДПУ Мікалай Страха, дацэнт МДЛУ Наталля Дуліна, выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў, Мінскага дзяржаўнага медуніверсітэта і іншых ВНУ.

Знайсці ім працу цяпер дапамагае адразу некалькі структур.

"Ідэя ў тым, каб дапамагчы спецыялістам (а сярод іх ёсць унікальныя) працягваць займацца навуковай дзейнасцю",сказала ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" кіраўніца офіса адукацыі Вольга Шпарага. Яна нагадала, што ў студзені 2021 года 12 звольненых выкладчыкаў выйшлі на працу ў ЕГУ. Гэта людзі, якія былі звольненыя або сышлі з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Акадэміі МУС і Інстытута гісторыі НАН Беларусі. У ЕГУ цяпер працуе і сацыёлаг Генадзь Коршунаў.

Шпарага таксама расказала пра іншыя праграмы дапамогі беларусам — у прыватнасці, пра сумесны праект Асацыяцыі дыяспар BeSSa, "Сумленнага ўніверсітэта" і Нямецкай асацыяцыі даследаванняў Усходняй Еўропы для беларускіх выкладчыкаў і даследчыкаў.

"Першыя тры месяцы беларускія вучоныя атрымліваюць стыпендыю для распрацоўкі сваіх уласных курсаў, у іх ёсць ментары, якія дапамагаюць адаптаваць гэтыя курсы для пэўных краін. На гэты праект ужо набралі больш за 20 чалавек", — паведаміла Шпарага.

Акрамя таго, каля 80 беларускіх вучоных і выкладчыкаў будуць задзейнічаныя ў "Беларускай акадэміі" ў Беластоку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі