За год доўг Чырвонага касцёла перад дзяржавай вырас да 350 тысяч рублёў

Чырвоны касцёл / Еўрарадыё
Чырвоны касцёл / Еўрарадыё

За год доўг Чырвонага касцёла перад дзяржавай вырас да 350 тысяч рублёў. Адна з галоўных каталіцкіх святынь Мінска і ўсёй Беларусі працягвае настойваць, што — як культавае збудаванне — павінна быць вызвалена ад падаткаў. У КУП "Мінская спадчына" лічаць па-іншаму. Доўг расце.

Да мая 2021 года ў храме — у дзвюх папяровых папках — сабралася 20 тысяч подпісаў. У звароце ў Адміністрацыю прэзідэнта вернікі просяць перадаць касцёл на баланс Рыма-каталіцкай парафіі Святых Сымона і Алены. Яны спасылаюцца на закон "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях", у якім напісана, што дзяржава можа прадастаўляць падобным арганізацыям льготы.

Сітуацыя зайшла ў тупік. Увогуле, гэта здарылася яшчэ год таму, калі стала вядома, што "Мінская спадчына" налічыла касцёлу падаткаў на амаль 170 тысяч. Еўрарадыё паспрабавала разабрацца ў тым, што адбываецца, — і ў тым, чаму за год канфлікт не наблізіўся да вырашэння, дзяржава не атрымала сваіх грошай, а вернікі застаюцца пад пагрозай высялення.

З чаго ўсё пачыналася

За год долг Красного костёла перед государством вырос до 350 тысяч рублей

У 2013 годзе дзяржава перадала будынак касцёла Святых Сымона і Алены, які ў народзе называюць Чырвоным касцёлам, на баланс КУП "Мінская спадчына". Гэта быў унікальны выпадак: іншымі культавымі збудаваннямі прадпрыемства не валодала.

У 2017 годзе ў касцёле пачалася рэканструкцыя. Прыкладна праз два гады рабочыя зрабілі справаздачу — замененае крыццё даху, зробленыя столі, адрэстаўраваны фасад. У вернікаў былі прэтэнзіі да выкананага рамонту, але на прадпрыемстве сказалі, што “усё па дакументацыі і каштарысах”.

Пакуль ішла рэканструкцыя, падаткі не налічваліся. З чэрвеня 2019-га пачалі прыходзіць рахункі. А ў першым квартале 2020 года прыход атрымаў дакументы, у якіх пазначана, што, “згодна з заключанымі дагаворамі бязвыплатнага карыстання, дадаткова звыш камунальных плацяжоў штомесячная сума выплат рэлігійнай супольнасці на карысць КУП "Мінская спадчына" складае 12 950,39 руб. як кампенсацыя за зямельны падатак, амартызацыю і падатак на нерухомасць”.

Касцёл плацяжам абурыўся — "незаконна і несправядліва". Мінгарвыканкам сказаў, што ў выпадку неаплаты будынак адыдзе дзяржаве. Маўляў, касцёл знаходзіцца ў рэлігійнай абшчыны ў бязвыплатным карыстанні, яны не з'яўляюцца ўладальнікамі, таму згодна з указамі абавязаныя кампенсаваць выдаткі на амартызацыю, зямельны падатак і камуналку. 

“За што мы павінны плаціць? За тое, што мы молімся?” — абураўся ксёндз. На адной з вячэрніх службаў у ліпені 2020 года ён распавёў аб запазычанасці і запуску збору подпісаў на ўваходзе ў храм з просьбай вярнуць Чырвоны касцёл каталікам.

“Мы не ведаем, што яны ад нас хочуць”

За год долг Красного костёла перед государством вырос до 350 тысяч рублей
Чырвоны касцёл / Еўрарадыё

Са студзеня 2021-га дзяржава прыпыніла налічэнне новых падатковых плацяжоў. Але галоўная бухгалтарка Ганна Францаўна распавядае Еўрарадыё, што і з улікам гэтай льготы касцёл застаецца павінен каля 350 тысяч рублёў.

Паводле яе слоў, ніхто не хоча размаўляць з вернікамі: "Мы не ведаем, што яны ад нас хочуць".

— Якая сітуацыя цяпер?

— Мы папрасілі перадаць нерухомасць нам, паказвалі подпісы, але пакуль цішыня. Пакуль мы атрымалі адказ лістом, у якім "лічым немэтазгодным". А ў сувязі з чым немэтазгодна? Мы тысячу разоў патлумачылі, што такія грошы ў "Мінскую спадчыну" мы плаціць не можам. А "Спадчына" да пачатку рамонту ў нас брала грошы за паслугі, якія не магла браць на заканадаўчым узроўні. Вось і цяпер яны не даюць ход гэтай справе, таму што разумеюць, што з іх боку будзе касяк. І ў той жа самы час узяць і перадаць… 

Ганна зноў успамінае гісторыю з рамонтам: "На мой погляд, тут ідзе нейкая вайна. Нас абвінавачваюць ужо ва ўсім... Усё, што можна было. Усё, што можна павесіць, разумееце? Калі ідзе такая вайна, усе сродкі добрыя. І яны іх выкарыстоўваюць".

Пажарны апавяшчальнік у кухні

Ключавой у канфлікце апынулася плябанія — домік служыцеля, размешчаны побач з касцёлам. Як кажа Ганна, ва ўсіх дакументах маленькі будынак так і запісаны — "плябанія".

За год долг Красного костёла перед государством вырос до 350 тысяч рублей
Плябанія / Еўрарадыё

— Гэта жылы дом настаяцеля. Жылы, дзе можна жыць. Але "Спадчына" чамусьці называе яго ў дакументах адміністрацыйным, — распавядае бухгалтарка.

Падчас рамонту ў плябаніі ўсталявалі дарагую вентыляцыю і пажарныя апавяшчальнікі. Адзін з іх аказаўся ў кухні настаяцеля храма.

— Толькі таму, што там нешта смажыцца на пліце, спрацоўвае сігналізацыя, — дзеліцца Ганна. Бывала такое, што ратавальнікі тройчы за дзень прыязджалі да плябаніі, каб адключыць апавяшчальнік.

— Нам нават арганізацыя, якая ўсталёўвала сігналізацыю, кажа, што зразумела, што тут гэтую пажарку нельга ўсталёўваць, гэтага не зробіць ні адзін нармальны чалавек, — дадае жанчына. — Вось так і атрымліваецца замкнёнае кола. Тут ужо і МНС задзейнічана, таму што яны прыязджаюць кожным разам, а спрацоўка ілжывая, а адключыць нельга. "Спадчына" кажа, раз гэты адміністрацыйны будынак, то пажарная сігналізацыя абавязковая.

Што далей

У касцёле спадзяюцца, што ўсё ж такі рана ці позна іх пачуюць, дзяржава адменіць даўгі і перадасць ва ўласнасць касцёл.  

— Так, ніколі не трэба апускаць рукі. Калі б нам перадалі будынак, то і з рамонтамі б вырашылася пытанне. Дзесьці шукалі б падрадчыкаў са свайго боку. 

Што думае з гэтай нагоды "Мінская спадчына" — незразумела. Дыялогу з прадстаўнікамі абшчыны не было. Ды і патлумачыць свой пункт гледжання Еўрарадыё яны не гараць жаданнем. "Ніякіх каментароў", — гэта самы часты адказ, які мы чулі, калі тэлефанавалі па тэлефонах прадпрыемства.

У Мінгарвыканкаме таксама адмовіліся даваць каментары.

— Нам трэба зараз як мінімум 80 тысяч даляраў, каб зрабіць пажарную сігналізацыю ў касцёле, таму што старая ўжо не адпавядае. Але які спонсар укладзе гэтыя грошы, калі разумее, што такая падвешаная сітуацыя? —падсумоўвае Ганна.

Сітуацыя застаецца нявырашанай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі