Вы тут

За 4 удары па міліцэйскай машыне мінчук атрымаў 4 гады калоніі

Аляксандр Дзяркач на судзе / spring96.org

23 лютага ў судзе Маскоўскага раёна Мінска быў вынесены прысуд Аляксандру Дзеркачу.

33-гадовага мінчука вінавацілі у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), пагрозе ўжывання гвалту да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 КК) і наўмысным пашкоджанні маёмасці (арт. 218 КК).

Гаворка ідзе пра падзеі 9 жніўня. Дзяркач быў у той вечар на скрыжаванні вуліцы Заслаўскай і праспекта Машэрава ў Мінску, піша праваабарончы сайт "Вясна". Згодна з абвінавачаннем, Дзяркач прыняў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, гучна пляскаў у ладкі, крычаў лозунгі, потым выйшаў на праезную частку дарогі і спыніў аўтамабіль ДАІ, які суправаджаў аўтазак. Гаворыцца, быццам ён зрабіўне менш за тры-чатыры ўдары па капоце машыны ДАІ, нецэнзурна лаяўся ў бок супрацоўніка МУС Андрэя Дубовіча і паказаў яму сярэдні палец.

Затрымалі Дзеркача 21 кастрычніка ў яго дома.

На судзе прагледзелі відэа, на якім бачна, што Дзяркач стаіць убаку, калі невядомы хлопец б'е па левай бакавой дзверцы аўтамабіля ДАІ. Абодва апранутыя ў белыя майкі. Тым не менш пацярпелы супрацоўнік ДАІ заявіў, што менавіта Дзяркач біў па дзверцы аўто. Абаронца заявіла хадайніцтва пра камп’ютарна-тэхнічную экспертызу відэа, каб ідэнтыфікаваць Дзеркача на ім. Але суд хадайніцтва адхіліў.

Яшчэ да суда мінчук цалкам кампенсаваў матэрыяльную шкоду, прычыненую службоваму транспарту, а таксама выплаціў пацярпеламу кампенсацыю маральнай шкоды ў 700 рублёў.

За гэтыя чатыры ўдары па капоце пракурор папрасіў суд пакараць Аляксандра Дзеркача чатырма гадамі калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Юрый Машкетаў прыняў прапанову пракурора.

Як распавядала Еўрарадыё, за тры ўдары па міліцэйскім бусіку ў Віцебску 22-гадовую Юлію Кашавераву асудзілі на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.