З Расіі сыходзіць вытворца кавы Tchibo

Тchibo GmbH — не першы буйны вытворца кавы, які пакінуў расійскі рынак з пачатку вайны / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Нямецкая кампанія Tchibo GmbH прадала свой бізнес у Расіі. Цяпер кампаніяй "Чыба СНД" валодае мясцовы топ-менеджмент, але прадаваць каву пад маркамі Tchibo і Davidoff ён зможа толькі да канца 2022-га года. А затым новыя ўладальнікі павінныя будуць распрацоўваць уласны брэнд, піша "Коммерсант".

"Запуск прадукту запатрабуе істотных інвестыцый і вырашэння праблемаў з лагістыкай, якая працягвае даражэць", — адзначае выданне. За першую палову 2022 года продажы распушчальнай кавы ў Расіі скараціліся на 2%, молатай — на 3,4%, а попыт на каву ў зернях вырас на 8,2%.

Tchibo GmbH — чацвёрты ў свеце вытворца кавы і найбуйнейшы пастаўшчык абсмажанай кавы ў Германіі, Аўстрыі, Чэхіі і Венгрыі. Дадамо, што Tchibo GmbH — не адзіны буйны вытворца кавы, які пакінуў расійскі рынак з пачатку вайны Расіі супраць Украіны. З Расіі таксама сышла фінская кампанія Paulig.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.