Юлію Чарняўскую пакінулі пад хатнім арыштам

Юлію Чарняўскую пакінулі пад хатнім арыштам

Следства не змяніла меры стрымання ўдаве Юрыя Зісера: Юлія Чарняўская застаецца пад хатнім арыштам. Пра гэта піша Zerkalo.io са словаў яе адвакаткі.

6 ліпеня адакатка падала хадайніцтва аб змене меры стрымання. Яна прапаноўвала адпусціць Чарняўскую пад паручальніцтва і падпіску аб нявыездзе. Аднак пісьмовы адказ на хадайніцтва яна дагэтуль не атрымала. 

"Паколькі ў выпадку задавальнення хадайніцтва выконваюцца тыя дзеянні, пра здзяйсненне якіх просіць асоба, якая заявіла хадайніцтва, а Юлія Чарняўская па-ранейшаму не даступная для кантакту з блізкімі і роднымі, гэта азначае, што рашэнне аб задавальненні хадайніцтва следствам на дадзеным этапе не прынятае", — кажа абаронца.

Мера стрымання можа быць змененая ў любы момант па ініцыятыве следства. Пры гэты абарона можа падаваць хадайніцтва паўторна.

"Мы вельмі разлічваем, што ў далейшым у следства не будзе падстаў для пакідання Юліі Чарняўскай пад хатнім арыштам з улікам яе стану здароўя і таго факту, што яна аб'ектыўна не створыць ніякіх перашкод для правядзення следства", — падкрэслівае адвакатка.

Ператрус і затрыманне Юліі Чарняўскай адбыліся 18 траўня — праз дзень пасля першай гадавіны з дня смерці яе мужа, заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера. У дзень заключэння жанчыны пад хатні арышт, у яе здарыўся гіпертанічны крыз. Яе даставілі ў лякарню, дзе ёй аказалі экстранную медыцынскую дапамогу. У выніку раней дыягнаставаная ў яе рызыка 3 артэрыяльнай гіпертэнзіі другой ступені змянілася на рызыку 4 — самую высокую з існых.

Таксама Чарняўская пакутуе на бранхіяльную астму, сур'ёзныя захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы. Ёсць у яе і іншыя праблемы са здароўем. 

Чарняўскую затрымалі ў рамках "справы TUT.by": супрацоўнікаў кампаніі вінавацяць у нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Сайт TUT.by быў адключаны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі.

На сённяшні дзень па "справе TUT.by" затрыманыя 15 чалавек: Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Ірына Рыбалка, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандр Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Сяргей Павалішаў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка, Ірына Касцючэнка і Юлія Чарняўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі