Вы тут

"Яндэкс" трэба прыбіраць з Беларусі". Размова з таксістам з Мінска

Манапаліст на рынку не дае беларускім кіроўцам зарабляць / калаж Улада Рубанава

10 траўня ў Баранавічах сілавікі сарвалі забастоўку кіроўцаў "Яндэкс.Таксі". Таксістам проста не далі сабрацца, не абышлося без затрыманняў.

Спрабаваць правесці акцыю пратэсту ў краіне, дзе "пікетаваннем" лічыцца БЧБ-сцяг на фота ў сацсетках, задума адчайная. Што ж падштурхнула людзей на такі крок?

Пра сітуацыю на рынку прыватнага возніцтва Еўрарадыё ананімна паразмаўляла з таксістам з Мінска. Ён нам і расказаў, што не так з "Яндэкс.Таксі" ў Беларусі.

Калі коратка: манапаліст не дае беларускім кіроўцам зарабляць.

"У дробных гарадах наогул не ведаю, як працуюць..."

Ну баставаць спрабуюць... Ну бензін зноў падаражэў... У дробных гарадах наогул не ведаю, як працуюць: там жа паездкі два з капейкамі рублі па "Эканоме". У іх жа толькі "Эканом", тарыфаў "Камфорт" і "Камфорт+", дзе цана вышэйшая, няма. Нават я вось ад Мінска ад'язджаю на 30-40 кіламетраў, і ў мяне таксама знікае "Камфорт", толькі "Эканом" — капейкі. Яшчэ і "Яндэкс" камісію бярэ нармальную такую. Праўда, у дробных гарадах менш бярэ, 6-10 адсоткаў, гэта ў Мінску — 23 або 28 адсоткаў.

А так яны ўсе да нас [у Мінск. — Еўрарадыё] з'ехаліся, гэтыя таксісты. Вось на выходных самі зірніце: 1-ы, 3-і, 6-ы рэгіён. Усе да нас у сталіцу пруцца. І раней ехалі, а цяпер асабліва.

Бывае, заедзеш на запраўку — асабліва газавую, — то перад табой 30 таксі. Усе ў пошуках лепшага жыцця. Я лепш, шчыра кажучы, з п'яным паеду, які шклянку гарэлкі выпіў, чым з тым, хто прыехаў за 300 км у Мінск, робіць 30-40 заказаў у незнаёмым горадзе. Ну што гэта? Ён засынае за рулём. Ён ехаў сюды 3-4 гадзіны і незразумела дзе начаваў... У іх аварыйнасць няхілая.

"Таксістаў стала занадта шмат, таму і цэны ніжэйшыя"

Дальнабойшчыкі цяпер таксама на "Яндэксе". У іх жа таксама тыпу працы няма. Вось знаёмы працаваў на "Яндэксе", летась пайшоў у дальнабойшчыкі, а цяпер вярнуўся. Працы або няма, або трэба ў Расію ездзіць, але там жа на ўсіх дальнабойшчыкаў працу не знойдзеш. Таксістаў стала занадта шмат, таму і цэны ніжэйшыя.

Ну і пасажыры цяпер скардзяцца: "Прыехала машына, а я яе не бачу" або "Бярэ заказ і адмаўляецца". А не вязуць па простым прынцыпе: калі далёкая паездка, больш за дзесяць кіламетраў, то нявыгадна везці. Асабліва раніцай, калі каэфіцыент "гарыць". Гэта значыць, мне лепш правезці яго тры кіламетры, чым везці кудысьці з аднаго канца Мінска ў іншы — сэнсу няма, сабе са стратамі.

Арыфметыка па-таксісцку

Проста ў часе тэлефоннай размовы мы чуем характэрны гук апавяшчэння.

Гэта заказ быў з Тарасава, можна сказаць у Сцяпянку, — іншы канец горада. Натуральна, адмовіўся. Я ж не вар'ят. Атрымліваецца 15 рублёў. Ехаць кіламетраў 35 па кальцавой. А калі па горадзе — гэта суцэльныя заторы. Нявыгадна.

У мяне, напрыклад, машына бензінавая: 35 км — гэта дзесьці шэсць з паловай рублёў. Падатак дзесьці 40%: з 15 рублёў — 9 застаецца. Адымаем бензін. Гэта за два з паловай рублі павінен ехаць у іншы канец горада? Не, не, не, дзякуй вялікі.

Многія на "Яндэксе" "хімічаць". Напрыклад, заказ па гатоўцы. Ты кажаш кліенту: давайце вы заказ адменіце, а я вас так завязу за гэтыя самыя грошы. Але "Яндэкс" за гэтым сочыць: глядзіць GPS-перасоўванне кліента, тваё перасоўванне. Тры-пяць такіх паездак, і ён можа блакаваць на гадзіну-дзве, на дзень, а многіх і пажыццёва. Але ёсць свае фішкі, як гэта абыходзіць.

Раней было лепш, або Настальгія па "Уберы"

Што да "Яндэкс.Таксі", я магу сказаць так: на выходныя ў Мінску было 5-8 тысяч машын таксі. Калі ўсіх іх узяць, то не думаю, што больш за 20% працуюць па-сумленнаму. Цяжка знайсці машыну, у якой ёсць таксометр, страхоўка пасажыра, у кіроўцы дакументы аб праходжанні іспыту таксіста, дарожны ліст, правільна абклееная машына... Калі ўсё гэта выконваць, то грошай проста не застанецца. Калі ў цябе вялікі аўтапарк, то ты проста гэта не пацягнеш.

Я лічу, што "Яндэкс" трэба прыбіраць з Беларусі з іх конскімі камісіямі. Лічы, траціну бабак забіраюць сабе. "Яндэксу" пляваць на ўсё. Бывае, прыедзеш на заказ, а там адмена. Калі па безнаяўным разліку, то 3 рублі з кліента спішуць. А калі па нале?

Атрымліваецца, проста так час губляў: кудысьці ехаў, а ён не выйшаў або адмяніў. А так вельмі часта бывае: у дзень па 3-5 адмен па-любому. А гэта кіламетраў 15 "пустых" і гадзіна часу. "Яндэкс" за адмены не плаціць…

Людзі да гэтага часу сумуюць па "Уберы". Там і камісія была невялікая: 14 або 16%. Дый само меню шмат у чым прасцейшае. Настальгія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.