Як у 2006-м: маналог маці, у якой у Маладзечне затрымалі сына

Як у 2006-м: маналог маці, у якой у Маладзечне затрымалі сына

Падчас "Ланцуга салідарнасці" ў Маладзечне людзі перашкодзілі АМАПу і "ціхарам" затрымаць хлопца. Адбылася бойка, адзін з байцоў АМАПа нават дастаў з кабуры пісталет, але, дзякаваць богу, не стаў страляць.

За паўхвіліны да таго міліцыянты паспелі запіхнуць у свой мікрааўтобус хлопца ў белых красоўках, з жоўтым пляцаком за спінай. Па гэтых прыкметах маці пазнала на відэа, знятым журналістамі "Рэгіянальнай газеты", свайго сына Мікалая Алейніка.

Пасля выбараў 2006-га старэйшых дзяцей Галіны Алейнік затрымалі на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Перад выбарамі 2020-га затрыманы яе малодшы сын Мікалай. 22 чэрвеня маці прыйшла да суда ў Маладзечне, каб пабачыць свайго сына. І расказала Еўрарадыё гісторыю яго затрымання.

Як у 2006-м: маналог маці, у якой у Маладзечне затрымалі сына
Затрыманых вязуць у суд у Маладзечне / Еўрарадыё

"Сын сказаў, што пойдзе на "Ланцуг салідарнасці". Я б і сама пайшла, але адчувала сябе не вельмі. Таму кажу: "Ну, схадзі ціхенька, не высоўвайся. Падтрымай. Мы ж хочам, каб усё змянілася". Дала бутэлечку вады яму, спёка такая... Ну і пайшоў ён. А я ўвесь час перапісвалася з ім.

Прыйшлі туды людзі, шмат людзей. Ён тут нікога асабліва не ведае, бо вучыўся ў Маскве, у Вышэйшай школе эканомікі. Побач з паркам ён быў, пісаў, што тут вялікі ланцуг. Ну і нічога ж не рабілі, стаялі проста, на адлегласці, бо дыстанцыю вытрымлівалі. У нас народ вытрымлівае гэта ўсё, у адрозненне ад некаторых.

Недзе ў 21:30 напісала: "Сын, давай мо дадому, цямнець ужо пачало". Ён піша: "Хутка прыйду". А недзе а 22-й я ўбачыла ў "Тэлеграме" — пачаліся затрыманні ў Маладзечне і там адбівалі хлопца. А мяне пачало трэcці знутры — так, як у 2006 годзе, калі ў Мінску на [Кастрычніцкай] плошчы зніклі мае старэйшыя дзеці... Тэлефаную — не адказвае. Як у 2006-м... Пачала пераглядаць відэа — не было відаць. Толькі красовачкі белыя і нешта жоўценькае. А ў яго жоўты пляцак быў.

Як у 2006-м: маналог маці, у якой у Маладзечне затрымалі сына
Сваякі затрыманых побач з судом / Еўрарадыё

Старэйшы сын патэлефанаваў — сказаў, што Колю затрымалі. Я пазваніла ў РАУС — нічога не сказалі. Пашпарт прывозьце, прыязджайце, найбліжэйшаму сваяку нешта скажам. Ну што рабіць? Паехалі ў РАУС. Хвалявала мяне толькі адно пытанне: дзе мой сын? Але там усе катэгарычна адмаўляліся казаць.

Тры гадзіны прайшло. Я кажу: ну дык вы ж мусіце яго выпусціць? Шмат там міліцыянтаў было, амапаўцы побач бегалі. Замбаваныя нейкія. Я кажу: "Вы за што затрымалі хлопца?" Маўчаць. Замбаваныя. Не ведаю, што там з імі. Не думаю, што іх наркотыкамі наколваюць, але натуральныя зомбі. Вочы нечалавечыя. Але дай ім Бог здароўя. 

У выніку нехта падышоў — не ведаю хто — і сказаў: "Так, тут. Вядзецца апытанне". Я перапытваю: "Допыт?" — "Не, апытанне". — "Колькі яго можа весці?" — "Да 12 гадзін" — "А, значыць, гэта будзе да раніцы?!" — "Магчыма".

Аднекуль сілы ўзяліся. Аднекуль у матуль бяруцца сілы, калі іх дзяцей крыўдзяць. Недзе аб 11-й увечары я туды прыехала. І недзе ў гадзіну ночы мне нарэшце сказалі, што адміністрацыйная справа. Непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Яшчэ нехта выйшаў: а ці п'е ваш сын? А ці прымае нешта? Думаю, няўжо зараз наркотыкі падкінуць? Коля не п'е, не курыць, у яго з сэрцам праблемы... Пасля ўжо выганяць нас пачалі. Мы яшчэ на вуліцы былі, я ў вакенца глядзела. Здагадалася, дзе ён быў... Спадзяюся, не збілі яго, як у 2006 годзе маіх старэйшых дзяцей...

Колькі чалавек затрымана ў Маладзечне 20 чэрвеня, пакуль незразумела. Судзіць іх будуць сёння, найхутчэй пасля абеда. Пасяджэнне пройдзе дыстанцыйна — па "Вайберы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі