Як (не) змяніліся даходы беларусаў за 10 гадоў

Лукашэнка з сынам Мікалаем і на той момант кіраўніком Нацбанка сядзіць на злітках золата ў 2010 годзе
Лукашэнка з сынам Мікалаем і на той момант кіраўніком Нацбанка сядзіць на злітках золата ў 2010 годзе

Адзін з аргументаў дзяржпрапаганды на карысць Аляксандра Лукашэнкі — "эканамічнае развіццё" краіны. Гэтым любяць выхваляцца чыноўнікі ўсіх узроўняў, ад супрацоўнікаў выканкамаў да прэм'ер-міністра.

Аднак, калі меркаваць па даходах насельніцтва, за апошнія дзесяць гадоў беларусы не становяцца багацейшымі, а часам нават наадварот. Еўрарадыё правяло невялікія вылічэнні: што змянілася з 2010 года?

Заробкі большыя, але меншыя

Сярэдні заробак беларусаў у кастрычніку 2020-га складаў 1285 рублёў. У пераліку на курс долара гэта $497.

Дзесяць гадоў таму сярэдняя зарплата складала 1,328 мільёна рублёў, або 442,5 долара. Быццам бы ненашмат, але цяпер больш. Але інфляцыя долара за гэтыя дзесяць гадоў склала 19,4%. Гэта значыць, тым самым 442,5 долара 2010-га адпавядаюць 528 долараў у 2020-м.

Атрымліваецца, што ў доларавым эквіваленце за 10 гадоў заробак беларусаў з улікам інфляцыі знізіўся на 6,2%.

Пенсіі меншыя, як ні лічы

У кастрычніку 2010-га сярэдняя пенсія складала 537 400 рублёў. Гэта 179 долараў. У кастрычніку ж 2020-га — 458 рублёў, гэта значыць 177,27 долара. Гэта значыць, сярэдняя пенсія ў доларавым эквіваленце знізілася і без уліку інфляцыі.

Бюджэт пражытковага мінімуму, да якога прывязаны многія выплаты, за дзесяць гадоў вырас у эквіваленце з 91,47 да 99,13 долара. Але з улікам той самай інфляцыі падзенне склала 8,37%.

Как (не) изменились доходы белорусов за 10 лет

Знізіўся з улікам інфляцыі ў доларавым эквіваленце і мінімальны спажывецкі бюджэт. Гэты паказчык улады выкарыстоўваюць для разліку сум, якія патрэбны грамадзянам для мінімальных патрэб. На кастрычнік 2010-га МСБ складаў для сямейніка з сям'і на чатыры чалавекі 149,45 долара, 2020-га — 159,9.

Інфляцыя долара з'ела гэты невялікі прырост, у выніку рэальны МСБ "уціснуўся" на 7%. Адбылося таксама цікавае пераразмеркаванне трат па катэгорыях: доля трат на ежу за дзесяць гадоў паменшылася, але ўпалі і траты на культуру, адукацыю і адпачынак. Цяпер не да таго.

Менш у доларах за дзесяць гадоў пачалі атрымліваць і студэнты. Так, у БДУ мінімальная стыпендыя сёлета складае ў пераліку 43,12 долара, у 2010-м — 44,42. Пра інфляцыю долара ўжо і не будзем гаварыць.

У цэлым жа за гэтыя 10 гадоў практычна не змяніўся ні памер ВУП, ні ВУП на душу насельніцтва. Пра рост цэн у нацыянальнай валюце таксама можна і не згадваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі