Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж

Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж

У 2013 годзе да Жанны і Аляксандра Сталяровых выпадкова трапіў грак з паламаным крылом. Сталяровы тады жылі ў Мінску, а перад тым паспелі пажыць у Асіповічах, у Расіі, у Індыі і нават у Таіландзе. Але здарэнне з гракам цалкам змяніла жыццё сям’і. Зараз Жанна і Аляксандр жывуць ва ўласным доме ў вёсцы Маісеевічы пад Асіповічамі. Яны прысвяцілі сваё жыццё ратаванню параненых птушак.

Маісеевічы знаходзяцца ў 20 хвілінах ад Асіповічаў. Хата Сталяровых — амаль хутар, стаіць асобна ад іншых дамоў. Знайсці невялічкі паварот да яе няпроста.

Ля брамы нас сустракае Аляксандр разам з сынам-дашкольнікам Ратмірам. Мы адразу ідзём да вальераў. Тут сабраныя самыя розныя птушкі: ад варон да лунёў, буслоў ды лебедзяў. У кожнага свая гісторыя. Агульнае толькі адно — пры набліжэнні чалавека ўсе яны спяшаюцца схавацца як мага далей.

Усё пачалося з аднаго грака. Дзяўчына аддавала птушку са зламаным крылом, і мы з мужам вырашылі ўзяць. Тады ў нас яшчэ не было загараднага дома, — распавядае дырэктарка прыватнай прыродаахоўнай установы "Ахова прыроды" Жанна. — Калі ўжо з’ехалі на вёску, то пабудавалі адмысловы вальер, куды і пасадзілі грака. Але з часам яму стала вельмі сумна: пачаў дрэнна есці, вялы быў. Тады па аб’яве ўзялі яшчэ адну птушку — варону. І пачалося. Валанцёры пачалі нас “здаваць”, ужо ўсіх птушак сталі перадаваць нам. Паставілі адзін вальер, потым другі, трэці. І пайшло-паехала”.

Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж

Больш за 200 выратаваных птушак

Зараз толькі на тое, каб карміць птушак, сямейнага бюджэту выдаткоўваецца каля 2000 рублёў на месяц. Буслы ды совы, якія жывуць у прытулку, за месяц з’ядаюць 960 мышэй, прычым адна мыш каштуе 2 рублі. Адна сава з’ядае дзвюх мышэй за дзень, а бусел — ад 8 да 12.

Людзі ўвесь час вязуць сюды параненых птушак. Кінуць пад брамай скрыню і з’едуць. Птушак Сталяровы ніколі не выкідаюць, таму што шкада. Птушанят выкармліваюць, а дарослых выпускаюць, калі ёсць магчымасць.

Аднак вялікая колькасць птушак ужо назаўсёды застанецца ў сям’і. Ампутаваныя ці зламаныя крылы, пратэзы на лапах — усё гэта выглядае жахліва. Гэтыя птушкі, большасць з якіх зусім маладыя, толькі хаваюцца і спрабуюць збегчы падалей ад чалавека, які набліжаецца да іх, хоць і ўзнікае велізарнае жаданне палашчыць іх ды хоць нейкім чынам дапамагчы.

За ўвесь час сям’я выгадавала і выпусціла больш за 200 птушак. Хаця гэтая лічба — прыблізная: Сталяровы даўно збіліся з падлікаў.

Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж

Асобны вальер займаюць двое лебедзяў. На іх “тэрыторыі” ёсць нават невялічкі прудок, дзе птушкі любяць плаваць. Адзін, і самы вялікі, адразу ж прымае пагрозлівую позу ды ўважліва назірае за няпрошанымі гасцямі. Як кажа Аляксандр, такі вялікі самец з лёгкасцю можа зламаць чалавеку руку, калі пачне біць сваімі моцнымі крыламі.

Гэты лебедзь ужо здаровы і можа ляцець, перашкод няма. Але ён застаецца побач з людзьмі. Магчыма, адчувае сувязь з самкай, якая праз траўмы можа застацца ў пітомніку назаўсёды. Вось такая птушыная гісторыя кахання.

Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж
Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж

Летась мы аформілі НКА [некамерцыйную арганізацыю. — Еўрарадыё], каб не было пытанняў і праблем з боку дзяржавы. То бок нам сказалі гэта аформіць, каб не было праблем. Грошы, прычым, мы трацім свае ўласныя. Працуем на дзяржаўных працах. Абодва”.

“У жніўні быў пік — буслы сыпаліся так, што мы ледзь з глузду не з’ехалі”

Кожная птушка, якая трапляе ў вальеры сям’і Сталяровых, мае сваю гісторыю. Кожнай патрэбны свой асаблівы догляд.

Тых, хто выпаў з гнязда, напрыклад, мы гадуем, адаптуем і адпускаем. Але калі машынамі ці цягнікамі птушак збіваюць, дык яны застаюцца з намі назаўсёды, — кажуць гаспадары. — Сярод траўм больш за ўсё паламаных ці значна пашкоджаных крылаў. Калі казаць пра буслоў... Ногі, ногі, ногі. Пад канец лета яны вучацца лётаць. У жніўні быў пік — буслы сыпаліся так, што мы ледзь з глузду не з’ехалі. Мы зрошчваем косткі, робім аперацыі і нават пратэзы. Але без дапамогі прафесійных арнітолагаў і ветэрынараў немагчыма абысціся, канешне. У нас ёсць “свае” арнітолагі ў Мінску і тут, у Асіповічах”.

Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж
Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж

Буслы ўжо не так моцна баяцца гасцей, хутчэй, з асцярожнасцю назіраюць за людзьмі. У аднаго з буслоў палова нагі — самаробны пратэз, а ў іншага пашкоджанае крыло ніколі не дасць шанец зляцець куды-небудзь.

Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж
Фота: bdz.by

Шмат птушак трапляе ў бяду праз чалавечы фактар. Па варонах страляюць з пнеўматыкі. Тое ж, па словах Аляксандра, з чайкамі. Некаторыя страляюць нават па гнёздах буслоў.

На Мінскім моры ўвогуле быў скрываўлены лебедзь, але яго так і не знайшлі. Падаецца, паведамілі нам позна, таму і выехалі мы занадта позна, — узгадваюць птушыныя ратаўнікі. — Людзі нават відэа скідвалі, тэлефанавалі паўсюль, але ніхто не дапамагаў. Калі гэтая гісторыя нарэшце дайшла да нас, мы так і не знайшлі яго, прытым, што нават МНС выклікалі”.

Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж
Падчас аперацыі. Фота: bdz.by

“Калі ластаўку адпускалі, маленькі сын аж плакаў”

У прытулку птушкам не даюць імёны, таму што гаспадарам птушынага двару вельмі шкада з імі развітвацца.

Нядаўна, калі ластаўку адпускалі, маленькі сын аж плакаў, — усміхаецца Жанна. — Калі браць, напрыклад, стрыжа ці ластаўку, выкармліванне ідзе 2,5 месяца. А карміць іх трэба кожныя 20 хвілін. Па біялагічным гадзінніку. У 4 ці 5 гадзін раніцы пачынаем карміць, у 8-9 гадзін увечары заканчваем. Прычым бярэм гэтае птушаня заўсёды і паўсюль з сабой, нават на працу. А калегі дапамагаюць, бо ўсе прызвычаіліся да такіх сітуацый.

Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж
Маленькі сын Ратмір дапамагае бацькам у пітомніку.

Увогуле, мы ўвесь час дапамагаем. Тэлефануюць нам кожны дзень па 3-4 разы, часам нават часцей. Наўпрост сёння нам патэлефанавалі наконт балотнага луня, які прыедзе да нас на наступным тыдні, а крыху пазней — наконт бусла. Прычым бусла гадаваў нейкі хлопец, а потым выкінуў. І зараз бусел ходзіць па вёсцы і выпрошвае ежу”.

Што будзе з пітомнікам далей — пакуль што сакрэт. У сям’і Сталяровых ёсць грандыёзны праект, пра які яны пакуль не распавядаюць.

Эму і ягоны пабег

Некалькі дзён таму пра птушыны прытулак дазналася ўся краіна — адсюль збег страус. А дакладней, не страус, а эму — ён пераскочыў праз плот вышынёй са свой рост.

У перыяд полавога даспявання ў птушак пачаўся гон. Іншыя насельнікі вальера спрабавалі выгнаць гэтага эму. Ён адштурхнуўся ад суродзіча і пераскочыў праз агароджу. І пайшоў гуляць”.

Па словах Жанны, вельмі верагодна, што тры іншыя птушкі — самкі. Яны больш агрэсіўныя, а перыяд іх полавога даспавяння пачынаецца раней.

Лавілі мы яго з шостага верасня, а злавілі дзявятага. Адна жанчына патэлефанавала і сказала, што бачыла птушку ў Мінскай вобласці. А што з ёй здарылася далей — невядома. Магчыма, нехта спужаў, і наш эму пабег у зваротны бок. То бок ён спачатку бяжыць, а потым думае. Яго пужаеш — ён разварочваецца і бяжыць у іншы бок. Пазней іншая жанчына прыслала паведамленне, што яна бачыла, як у лесе бегла нешта вялікае і невядомае. Паехалі на месца, і высвятлілася, што гэта ён”.

Лавіць прыйшлося ўпяцёх. Птушку загналі ў двор аднаго з вяскоўцаў. Узялі дрот, зрабілі адмысловую пятлю і паклалі на зямлю. Калі эму наступіў у пятлю, рэзка пацягнулі і пачалі валіць, зматалі ногі. Аляксандр панёс яго да машыны. Дадому давялося ехаць з адкрытым багажнікам.

Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж
Той самы "бяглец".

Зараз “бяглец” сядзіць у асобным сарайчыку “на каранціне”, але не з-за нейкай хваробы. Птушку патрэбна на некаторы час ізаляваць, пакуль іншыя ў асноўным вальеры могуць праяўляць агрэсію.

Аднак жа сядзець у пямяшканні птушцы не вельмі падабаецца. Гэты сучасны нашчадак дыназаўраў ходзіць уздоўж сцяны, глядзіць на нас праз вакенца, а часам нават высоўвае галаву, каб паглядзець, што ж гэта мы робім побач з ім.

Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж
Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж

У самім вальеры ідуць працы — пасля інцыдэнту Аляксандр вырашыў зрабіць агароджу вышэй. Бо папярэдняя ўсё ж аказалася недастатковай, каб стрымаць гэтых велізарных птушак.

“Прапанавалі памяняць эму на тыгра. Але мы адмовіліся…”

У Сашы ў Расіі родныя разводзяць гэтых птушак, — распавядае пра вытокі з’яўлення экзатычных эму ў Беларусі Жанна. — Таму мы набылі ў іх шэсць яек, прывезлі сюды. Чатыры птушкі вылупілілся. Усё ж такі гэта добры бізнес і добрая камерцыйная аснова, каб трымаць нашых інвалідаў”.

Адно яйка каштуе 80 долараў. Маленькае страусяня — $150. Але гэта кошты ў Расіі, бо… у Беларусі казуараў няма. Нават у заапарках.

Аднойчы нам патэлефанавалі з аднаго з заапаркаў і прапанавалі памяняць эму на тыграня. Але ж мы адмовіліся, — прыгадвае Жанна. — Ладна б яшчэ страусы збягуць, а вось калі тыгры…

Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж

Мы з Аляксандрам, тым часам, заходзім у прасторны вальер, дзе тры велізарныя, паўтараметровыя птушкі з асцярожнасцю падыходзяць да нас. Іх моцныя і доўгія лапы дазваляюць ім бегаць з хуткасцю да 50 км/г! А кіпцюры на лапах — сапраўдная пагроза жыццю. Таму, калі “вялікія аўстралійскія курыцы” падыходзяць бліжэй, робіцца крыху боязна. Але больш за ўсё здзіўляюць гукі, якія яны выдаюць. Гэта нешта сярэднее паміж рыкам, хрыпам і клёкатам.

Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж

Ужо перад тым, як выйсці з загона, заўважаем футбольны мячык. Эму часам могуць бегаць за ім, а часам не звяртаюць увагі ўвогуле. Так гэта адбылося і на нашых вачах. Нашчадкі дыназаўраў толькі ляніва павялі галовамі ўслед за мячыкам і працягнулі займацца сваімі птушынымі справамі.

Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж

Прадаваць іх можна, так. Заапаркі, пітомнікі, людзі, якіх цягне да экзотыкі, — гэта нашыя будучыя кліенты. Калі ўпершыню размясцілі ў інтэрнеце аб’яву пра продаж маленькага эму, нам тэлефанавалі нават уночы! Прычым званілі так шмат, што давялося наўпрост адключыць тэлефон. І нават праз год, калі ўжо аб’ява была выдаленая, усё адно телефануюць!

Як кажа Жанна, мяса эму нечым падобнае да ялавічыны. Акрамя гэтага, у эму дарагі тлушч, кіпцюры ідуць на абразіў, а сятчатка вока выкарыстоўваецца пры транспланталогіі для людзей! А яшчэ, у аўтамагазінах можна знайсці пер’і эму, бо імі вельмі добра прыбіраць з салону пыл, яны фактычна прыцягваюць яго. Страус ідзе па частках. А дарослы і жывы казуар каштуе каля 1500 долараў.

Як беларуская сям’я ратуе параненых птушак і гадуе эму на продаж

"Ахова прыроды" з’яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй, а на ратаванне птушак патрабуецца нямала сродкаў. Падтрымаць пітомнік сям’і Сталяровых можна наступным чынам:

Для банкаўскага перавода: рахунак BY48BAPB30153017400160000000 у РКЦ №13 філіяла ААТ "Белаграпрамбанк" у горадзе Асіповічы, Магілёўскае абласное ўпраўленне. БІК BAPBBY27458;

Для перавода ў сістэме ЕРІП: Грамадскія Аб'яднанні / Абарона прыроды / Унёскі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы / Прыватная прыродаахоўная ўстанова "Ахова прыроды";

Для перавода праз “Яндэкс.Грошы”: 410014636078658.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі