Яго ўсе звалі Татам: унучкі — пра аўтара культавага буквара Анатоля Клышку

Анатоль Клышка / wikimedia.org
Анатоль Клышка / wikimedia.org

14 красавіка памёр Анатоль Клышка — аўтар знакамітага беларускага "Буквара". Да свайго 86-годдзя педагог не дажыў два дні. Еўрарадыё паразмаўляла з яго дзвюма ўнучкамі — Вікторыяй і Ксеніяй, яны падзяліліся ўспамінамі пра Анатоля і расказалі, якім ён быў па жыцці.

 

"Гэта быў чалавек-свята і чалавек-праца адначасова"

Ксенія Цывуля, унучка Анатоля Клышкі

— Дзед быў чалавекам годным. Годным, вядома ж, з вялікай літары. І гэта "Годнасць" адбівалася літаральна ва ўсім: у стаўленні да людзей, да жыцця, да працы.

Рэдка калі можна было ад яго пачуць крытыку ў чыйсьці адрас, але калі і праскоквала заўвага, то абгрунтаваная і максімальна мяккая — ён не любіў гучнай крытыкі, папрокаў і тым больш абраз, людзей ён разумеў і прымаў такімі, якія яны ёсць. Не любіў умешвацца, не любіў навязвацца. Ніколі не перабольшваў сваіх заслуг і пераводзіў кампліменты ў жарт, у той жа час востра рэагаваў на непрыхаваную ліслівасць.

Дзед заахвочваў у нас усякую цягу да ведаў, падбадзёрваў. Асабліва каштоўнай, вядома, была для яго цікавасць да беларускай культуры. У яго нават была свая заахвочвальная сістэма: за кожны вывучаны верш можна было атрымаць які-небудзь прыемны бонус (цукеркі ці падарункі). Сістэма была вельмі прадуманая: памер і каштоўнасць падарунка залежалі не толькі ад памеру і складанасці верша, але і ад выканання. Каштоўнасць гэтага падыходу значна лепш усведамляецца з гадамі: цукеркі з'едзеныя, але добрыя памяць і дыкцыя (і хрэстаматыя беларускай паэзіі ў галаве) яшчэ ніколі не падводзілі. (Калі б раптам існавалі конкурсы ў стылі "Хто ведае на памяць усе байкі Кандрата Крапівы" — мама дакладна атрымала б Гран-пры.)

Еўрарадыё: Якім ён быў у звычайным жыцці?

— З ім заўсёды было прыемна дзяліцца планамі на будучыню, таму што мала ад каго можна займець столькі падтрымкі і ўхвалення. А яшчэ ён ніколі не адмаўляў у дапамозе, пачынаючы ад дробязяў, заканчваючы: "Дзед, я паабяцала, што ты заўтра ў нас у школе выступіш у актавай зале, ты прыедзеш?" І ён збіраўся, купляў білеты, падарункі і ехаў у Баранавічы, дзе я жыла. Таму што як тут адмовіш?

Еўрарадыё: Якую ролю ў сям'і іграў дзед?

— У цэлым сямейныя сувязі былі для дзеда вельмі важныя: ён даглядаў пажылых бацькоў, выгадаваў траіх дзяцей, семярых унукаў і дваіх праўнукаў, не забываючы пры гэтым пра шматлікіх пляменнікаў і іх дзяцей. Сапраўдны патрыярх, "Таткам" яго называлі не толькі ўласныя дзеці, але таксама дзеці братоў і сясцёр. Дзяцей ён вельмі любіў і да кожнага дзіцяці ставіўся як да свайго — з вялікай любоўю. Ён і сам заставаўся ў душы дзіцем — цікаўным, жыццярадасным, шчырым і адкрытым. Таму, напэўна, гэта любоў была ўзаемнай.


Ён быў чалавек-свята і чалавек-праца адначасова. А гэта значыць, што працу сваю ён вельмі любіў. "Ну, пайду трошкі адпачну" часцей за ўсё азначала працяг бурнай дзейнасці. Дый у цэлым цяжка сустрэць чалавека, які будзе "для душы" перакладаць з старажытнагрэцкай на беларускую "Адысею", тым больш у такім узросце.

Для яго вельмі важна было захаваць цвярозасць розуму. Дзед неаднаразова казаў, што смерць для яго наступіць са спыненнем працы, і вельмі гэтага баяўся. Таму ў яго бібліятэцы пастаянна (і часам незразумела адкуль) з'яўляліся новыя кнігі, паступова запаўняючы ўсю кватэру. Кнігі былі ўсюды: у кабінеце, у гасцінай, у шафах, на паліцах, на антрэсолях, на сталах і крэслах. І амаль усе — з пазнакамі і закладкамі

Яго ўсе звалі Татам: внучки — про автора культового букваря Анатолия Клышко
Анатоль Клышка ў коле сям'і / З сямейнага архіва

Еўрарадыё: Якія кнігі вы чыталі ў дзяцінстве?

— Сярод кніг дзед адчуваў сябе як у сваёй стыхіі — заўсёды ведаў, дзе што ляжыць, і памятаў, што можна знайсці ў яго ў бібліятэцы. "Іліяду? А на якай мове? А ў чыім перакладзе? А ў якім выданні?" — да гэтых пытанняў абавязкова трэба быць гатовым, просячы ў дзеда патрэбную кнігу (і так, адказ "усё адно" не прымаецца).
Асаблівае месца ў жыцці займаў "Буквар", якому ён прысвяціў большую частку свайго жыцця, пастаянна яго дапаўняючы і ўдасканальваючы. У кожнага другога беларуса пры слове "дзяцінства" ўспамінаецца "калыханка" і буквар "з буслікам". Так дзед стаў "Таткам" не толькі для сваіх дзяцей, але і для кожнага беларуса, які разгарнуў буквар.

"Папрасілі прабачэння за грахі… і ў хуткім часе развіталіся. Назаўсёды"

Вікторыя Сікірыцкая, унучка Анатоля Клышкі

— У гэты шлях мы выправіліся разам. Апошнія чатыры дні мы былі толькі удваіх. Бог даў ласку быць з ім да апошніх гадзін. Я паспела сказаць яму: "Дзед! Я вельмі цябе люблю!" А ён у адказ так ласкава усміхнуўся, як заўсёды, і сказаў: "І я таксама вельмі-вельмі цябе люблю!" Потым я пацалавала яго некалькі разоў у шчаку і гладзіла па галаве і спіне. Яго твар быў такі спакойны і задаволены, з лёгкаю ўсмешкай на вуснах... Потым мы памаліліся: "Татухна наш, Які жыве ў нябёсах!", папрасілі прабачэння за грахі… і ў хуткім часе развіталіся. Назаўсёды. На гэтай зямлі. Але я веру, што яго чыстая душа будзе жыць вечна! І потым, калі настане час, мы зноў сустрэнемся! 

— Раптам у маёй памяці ўсплыў такі глыбокі успамін, што я нават здзівілася, як я гэта ўспомніла. Часам ён забіраў мяне з дзіцячага садку, і я любіла прыходзіць да яго ў пакой са сваёй лялькай (у якой былі чырвоныя чаравічкі) і словамі: "Дзед! Давай "Лявоніху"! І ён заўсёды адкладаў свае справы, браў ляльку і, вельмі спрытна кіруючы яе ножкамі на сваім вялікім пісьменніцкім стале, напяваў: "А Лявоніху Лявон палюбіў, Лявонісе чаравічкі купіў!..." А я ляскала ў далоні і смяялася...

 

Яго ўсе звалі Татам: внучки — про автора культового букваря Анатолия Клышко
Анатоль Клышка ў коле сям'і / З сямейнага архіва

Яго ўсе звалі "Тата". Гэта ўвогуле было яго другое імя. З жонкаю ў іх было сваіх трое дзяцей. У суседнім пакоі жыла родная сястра са сваёю дачкой. Іх Анатоль Канстанцінавіч забраў да сябе, бо перажываў, што сястры будзе цяжка адной гадаваць дзіця. У кватэры насупраць жылі двайняты. Усе дзеці былі амаль аднаго ўзросту, сябравалі і гадаваліся разам. Кватэра ніколі не зачынялася, кожны мог прыбегчы на кухню і ўзяць сабе паесці, а потым зноў на вуліцу. Яны вельмі любілі Тату. Кожную нядзелю, зранку, суседскія і свае дзеці падбягалі да яго са словамі: "Тата Толя! Давай паедзем у парк!". Тады яны жылі на вуліцы Веры Харужай, і ён браў усіх шасцярых, часам семярых дзяцей, і яны ехалі на 19-м аўтобусе у парк Горкага. Там іх чакалі атракцыёны і марожанае. І так амаль кожны тыдзень.

Спыняецца аўтобус, адчыняюцца дзверы, адтуль выходзіць Анатоль Канстанцінавіч і працягвае руку кожнаму дзіцяці: адно — скок, другое — скок, і так да сямі! Людзі звычайна здзіўлена глядзелі…

Еўрарадыё: Якія якасці ён у вас выхоўваў?

— Самае галоўнае тое, што ўсіх іх ён вучыў чытанню. Ён біўся над тым, каб дзіця магло лёгка і хутка чытаць. Сваю праўнучку Маю ён навучыў чытаць у тры з паловаю гады. Ёй так падабалася з ім займацца, што яна сама падыходзіла да яго са словамі: "Дзед, пайшлі пачытаем!" Бо яго галоўны закон у навучані “настаўнік павінен спыніць заняткі за некалькі хвілін да таго, як дзіця стоміцца”. Таму цікавасць да заняткаў з ім не прападала. А калі Маі было чатыры гады, мы ехалі з ёй у тралейбусе, яна паказвае пальчыкам на дзверы і чытае ўголас надпіс "пассажировместимость"! Людзі, якія стаялі побач, здзіўлена заўсміхаліся. Хочацца дадаць, што, калі Мая пайшла ў нулявы клас ліцэя, мы заўважылі, што яна стала нейкая панурая. Пытаемся: "Маютка, чаму ты такая сумная?" А яна: "Мяне прымушаюць чытаць па складах". А між іншым, ужо 25 гадоў, як была выпрацавана методыка Анатоля Клышкі хуткага і лёгкага навучання дзяцей чытанню.

Еўрарадыё: А якія яго якасці вам больш за ўсё падабаліся?

 

— Увогуле дзядуля быў незвычайнай дабрыні чалавек. Некаторыя яго ўчынкі проста ўражвалі, а ён стараўся рабіць іх так, як напісана ў Евангеллі: "Калі даеш міласціну — няхай твая левая рука не ведае, што робіць правая, каб міласціна была ў таямніцы". Напрыклад, мог заплаціць за чый-небудзь участак на дачы, калі чалавеку пагражала страта. Нягледзячы на тое, што сам жыў не вельмі багата. 

Гэта быў чалавек, які вітаўся з усімі ў доме, ці гэта быў стары, ці гэта быў малы. З дзецьмі ён вітаўся заўсёды першы! І ім гэта падабалася.

Калі дзядуля выходзіў на двор, яго акружалі старэнькія бабулькі, звычайна чатыры- пяць, і расказвалі пра сваё жыццё. Ён кожную выслухоўваў з цікавасцю і павагай.

***

Анатоль Клышка нарадзіўся ў 1935 годзе ў вёсцы Данейкі (цяпер — Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці). Вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы. У 1958 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў карэктарам у навагрудскай гарадской газеце "Звязда", адказным сакратаром рэдакцыі газеты "Физкультурник Белоруссии", у рэдакцыі часопіса "Полымя", у рэдакцыі выдавецтва "Юнацтва". У 1960 годзе стаў сябрам Саюза пісьменнікаў СССР.

Буквар Анатоль Клышка стварыў у 1968 годзе. Падручнік перамог на кніжных выставах СССР і атрымаў залаты медаль Міжнароднай Лейпцыгскай выставы ў 1977 годзе. У 1999 годзе яго буквар стаў "падручнікам года". Усяго падручнік перавыдаваўся 23 разы, па гэтай кнізе вучыліся ўсе беларусы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі