Вы тут

Ябацькі з плакатамі месячнай даўніны прыйшлі да амбасады ЗША, а там — выходны

Сярод удзельнікаў пікета — студэнты. А як жа пары ва ўніверсітэце? / Еўрарадыё

30 красавіка каля 10 праўладных актывістаў пікетавалі амбасаду ЗША ў Мінску. Дзяржагенцтва БЕЛТА паведаміла, што акцыя прайшла ў сувязі "з паведамленнямі пра тое, што ЗША датычныя да арганізацыі змовы з мэтай забойства прэзідэнта і захопу ўлады ў Беларусі". Хоць ябацькі прынеслі да амбасады плакаты, намаляваныя месяц таму — задоўга да таго, як Лукашэнка расказаў пра "змову" супраць сябе.

"Байдэн, мацней трымайся за парэнчы", "Даеш сумленныя выбары ў ЗША", "Калі пачнуць перамовы па перадачы ўлады Трампу?" — вось гэтыя плакаты месяц таму і сёння:

Аднолькавыя плакаты на розных пікетах

Еўрарадыё пазнала некалькіх удзельнікаў пікета. Гэта студэнты і актывісты БРСМ.

Напрыклад, Святаслаў Куцапалаў — студэнт 4 курса МТФ БНТУ. Ён разам з іншымі ўдзельнікамі пікета скандуе "Лукашэнка — наш прэзідэнт!". Месяц таму, 23 сакавіка, ён таксама пікетаваў амбасаду ЗША.

Святаслаў Куцапалаў

Аднойчы Святаслаў нават трапіў на адно фота з Аляксандрам Лукашэнкам:

Еўрарадыё датэлефанавалася дэкану МТФ БНТУ Ігару Іванову.

— Я ад вас першы раз чую, — адказаў ён на пытанне пра тое, як ставіцца да ўдзелу сваіх студэнтаў у такіх акцыях.

— Нагадаем, што ў кастрычніку праз пропуск адной пары адлічвалі студэнтаў, за ўдзел у студэнцкім маршы было адлічана 54 студэнты. Адміністрацыя БНТУ, адлічыце гэтага студэнта?задаюцца пытаннем у студэнцкім тэлеграм-чаце "БНТУ-97".

Яшчэ адзін чалавек з пікета — Вадзім Барысюк, сакратар Ленінскай раённай арганізацыі БРСМ.

Вадзім Барысюк / Еўрарадыё

Актывісты БРСМ прыйшлі да амбасады ЗША, нягледзячы на пахмурнае надвор'е раніцай 30 красавіка. Але "мэтавая аўдыторыя" — супрацоўнікі дыпламатычнага прадстаўніцтва — іх намаганні наўрад ці ацаніла. Бо 30 красавіка ў амбасадзе ЗША — выходны, Дзень працы.

Добры дзень для пікета / by.usembassy.gov

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.