Вы тут

Вызначуся на месцы — Джулі Фішэр аб уручэнні даверчых грамат Лукашэнку

Джулі Фішэр 

Прызначаны амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр пракаментавала верагоднасць уручэння даверчых грамат Аляксандру Лукашэнку. Гэта абавязковая працэдура, якую праходзяць усе прызначаныя кіраўнікі дыпмісій. Лічыцца, што толькі пасля ўручэння даверчых грамат кіраўніку краіны знаходжання дыпламат ўступае ў пасаду амбасадара.

"Цяпер я не магу дакладна сказаць, як будзе вырашацца сітуацыя з даверчым граматамі",сказала Джулі Фішэр у інтэрв'ю тэлеканалу"Белсат".

Паводле яе слоў, больш актуальным на дадзены момант выглядае пытанне абмену пасламі.

"Што тычыцца грамат, гэтых папер, на якія часцей за ўсё рэдка хто звяртае ўвагу, то я хацела б прыняць адпаведнае рашэнне пасля таго, як прыбуду ў Мінск і ацаню, што я змагу зрабіць там, на месцы", — сказала яна.

Джулі Фішэр сышла ад прамога адказу на пытанне, ці лічаць у ЗША Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам. Сказала, што яго ўспрымаюць хутчэй як кіраўніка ўлады.

"Не выклікае сумненняў тое, што Аляксандр Лукашэнка кіруе ўладай Беларусі, гэта бясспрэчна. Але выбары, якія прайшлі летам, не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі", — падкрэсліла дыпламат. Плюс быў гвалт у дачыненні да людзей, не згодных з вынікамі выбараў.

Для ЗША, па словах Джулі Фішэр, пытанне аб прэзідэнцкім статусе Лукашэнкі застаецца "складаным", "таму што мы не ведаем, якімі былі б вынікі выбараў, калі б была магчымасць падлічыць усе галасы, калі б кандыдаты мелі аднолькавыя магчымасці падчас выбарчай кампаніі, калі б нікога з іх не пасадзілі ў турму, калі б ім не адмаўлялі ў рэгістрацыі".

Выхад з існуючага крызісу, па словах дыпламата, магчымы пры выкананні дзвюх умоў. Павінны быць вызваленыя ўсе палітвязні і пачаты дыялог улады з тымі, хто ўзначальвае пратэсты. А вынікам дыялогу павінны стаць новыя свабодныя выбары.

Раней Джулі Фішэр казала, што планавала прыступіць да працы ў Мінску з пачатку года. Але не змагла прыехаць у Беларусь — ёй не даюць візу.

Каментуючы гэтую сітуацыю беларускі міністр замежных спраў Уладзімір Макей сказаў, што Мінск хацеў бы разумець , "у якім статусе спадарыня прызначаны амбасадар мае намер працаваць у Беларусі". Паводле яго слоў, "калі яна збіраецца прыехаць і рабіць заявы аб нелегітымнасці рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.