"Выйшла мала людзей, шмат галасуе за Пуціна" — Пяскоў пра пратэсты ў Расіі

Акцыя за Навальнага ў Маскве 23 студзеня 2021 года / "Новая газета"
Акцыя за Навальнага ў Маскве 23 студзеня 2021 года / "Новая газета"

Уладзіміра Пуціна падтрымлівае значна больш расіян, чым збіраюць незаконныя акцыі пратэсту, таму разгайдаць сітуацыю ў Расіі не атрымаецца. Так прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў мітынгі ў падтрымку Навальнага, якія прайшлі ў суседняй краіне 23 студзеня.

"Вось цяпер будуць многія казаць, што на незаконныя акцыі выйшла шмат людзей. Не, выйшла мала людзей, шмат людзей галасуюць за Пуціна, — запэўніваў Пяскоў. — Калі лічбы супаставіць, то зразумееце, наколькі гэта мала людзей [ўдзельнічаюць у пратэстах]".

Пяскоў сцвярджае, што вельмі паважліва ставіцца да розных пунктаў гледжання, тым больш, што тыя, хто выходзіць на вуліцы — таксама грамадзяне Расіі.

"Але я катэгарычна супраць удзелу ў незаконных акцыях, таму што іншай ацэнкі там быць не можа: гэта парушэнне закона", — дадаў Пяскоў.

Ён таксама пракаментаваў "так званыя выкрыцці" пра палац Пуціна, заявіўшы, што яны выгадныя "тым, хто хоча далей качаць сітуацыю".

23 студзеня жыхары Расіі выйшлі на вуліцы, каб падтрымаць Аляксея Навальнага. Пасля вяртання з Германіі, дзе апазіцыянер лячыўся ад атручвання рэчывам групы "Навічок", яго арыштавалі, абвінаваціўшы ў махлярстве. Паліцыя на акцыях ў Расіі дзейнічала па "беларускам сцэнары": не давала людзям сабрацца, выхоплівала пратэстоўцаў з калоны, выкарыстоўвала "ціхароў" у цывільным адзенні, жорстка абыходзілася ў аўтазаках. У многіх гарадах адсутнічаў мабільны інтэрнэт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі