Вы тут

"Выйсце — збіраць манаткі і з'язджаць". Грузаперавозчыкі пра санкцыі і будучыню

Фота з сацсетак

Дзявятага красавіка моц набыў пяты пакет санкцый ЕС супраць Расіі і Беларусі. Адна з іх — беларускім грузаперавозчыкам забаранілі перавозіць грузы па тэрыторыі Еўрасаюза. Нават транзітам. Усё праз дапамаганне Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны.

Выключэнне зрабілі толькі для перавозчыкаў пошты і гуманітарных грузаў. Таксама можна перавозіць фармацэўтычныя, медыцынскія, сельскагаспадарчыя і харчовыя прадукты, калі на тое будзе воля ўрада краін Еўрасаюза.

"Звальняцца і сыходзіць у іншую галіну? Але дзе цяпер лепш?"

Беларускія дальнабойшчыкі трохі разгубіліся, хоць магчымасць такога выніку абмяркоўвалася ўжо даволі даўно. Няясна, што будзе з працай, заробкам. Некаторыя ўжо пайшлі ў прастой.

— На самай справе пакуль у гэтым усім больш невядомых, чым вядомых. Няма разумення, што рабіць: беларускія машыны ЕС ужо разварочвае. Звальняцца і сыходзіць у іншую галіну? Але дзе цяпер лепш? З'язджаць за мяжу ўладкоўвацца? Незразумела, ці ўладкуешся. Дый наогул такія рашэнні за два дні не прымаюцца. А жыць за нешта трэба. Кіраўніцтва пакуль маўчыць, не паведамляе, што з намі будзе. Але асабіста я пакуль стаю. У буйных фірмаў ёсць прастора хоць для нейкіх манеўраў: можа, перааформіцца на іншую краіну атрымаецца. Я працую не ў самай буйной, таму не ведаю, ці стануць уладальнікі займацца гэтым, — падзяліўся з Еўрарадыё сваімі думкамі наконт санкцый адзін з беларускіх дальнабойшчыкаў.

Фота pixabay.com

Перавозчык з іншай кампаніі сказаў, што ўжо займаецца звальненнем і паедзе шукаць працу ў Еўропу.

— Я проста вырашыў пераехаць. Таму што не ведаю, што будзе далей. Магчыма, кампанія паспрабуе выйсці на нейкія іншыя рынкі і працягнуць займацца перавозкамі, але такіх заробкаў, як цяпер, усё роўна ў нас ужо не будзе. Дый частку супрацоўнікаў скароцяць, гэта відавочна, — лічыць дальнабойшчык.

У разгубленасці не толькі работнікі кампаній, якія займаюцца грузаперавозкамі, але і кіраўніцтва фірмаў.

У адной з кампаній на пытанне, што яны плануюць рабіць, нам адказалі коратка:

— Яшчэ рана пра нешта гаварыць. Усе чакаюць рэакцыі ў адказ краін, якія трапілі пад санкцыі, таму без каментароў — што маем, тое маем.

Работнік іншай фірмы расказаў нам крыху больш інфармацыі.

— Пакуль мы робім тое, што магчыма. У нас не ўсе машыны на беларускіх нумарах, таму працуем на іх. Іншы транспарт адпраўляем па напрамках, якія для нас застаюцца адкрытыя, — пракаментаваў суразмоўнік. — Што далей — яснасці няма. Калі Беларусь не ўвядзе санкцыі ў адказ, гэта адна гісторыя. У гэтым выпадку будзе ўсё лепей. Калі ж санкцыі ў адказ з боку Беларусі ўвядуць, будзе ўсё зусім дрэнна. Тады стане ўвесь экспарт. Але ў кожным разе санкцыі значна пагаршаюць становішча беларускіх кампаній. Усе манеўры з пераафармленнем машын, перачэпкай — дадатковыя выдаткі. І часавыя, і матэрыяльныя. Магчымасць, што атрымаецца захаваць штат і заробкі цалкам, вельмі прывідная.

 

Фота pixabay.com

Таксама работнік кампаніі адзначыў, што пакуль "рана прыдумляць якія-небудзь абыходныя схемы. Думаць пра гэта трэба будзе, калі з'явіцца яснасць".

— Дый зусім не зразумела, як доўга абыходныя шляхі будуць працаваць. Магчыма, Еўрасаюз азадачыцца тым, каб і іх закрыць. Я перакананы ў гэтым амаль напэўна. Тады выйсце будзе толькі адно — збіраць манаткі і з'язджаць, шукаць краіну, дзе такі бізнес мае перспектывы, развівацца там.

"Беларусь заўсёды была транзітнай, і грузаперавозкі прыносілі нам адсоткі ВУП — усё будзе страчана"

Мы запыталіся ў эксперта, чым такія санкцыі пагражаюць беларускай эканоміцы, ці ёсць нейкія спосабы іх абысці і як прынятыя ЕС меры адаб'юцца на рынку працы ў галіне.

— Грузаперавозкі — адна з важных галін беларускай эканомікі. Тут мы выкарыстоўваем геаграфічнае становішча нашай краіны. Беларусь заўсёды была транзітнай, і грузаперавозкі прыносілі нам адсоткі ВУП, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік BEROC эканаміст Леў Львоўскі. — Цяпер мы, безумоўна, чакаем, што гэта ў значнай ступені будзе страчана. Перавозчыкі змогуць давозіць грузы да мяжы, а там нам неяк трэба будзе перакідаць іх на замежныя цягачы.

Яшчэ адно пытанне, па словах эканаміста, у тым, ці прыме беларускі ўрад санкцыі ў адказ.

— Як вядома, Аляксандр Лукашэнка сам некалькі разоў заяўляў пра патэнцыйнае закрыццё межаў. Калі будуць уведзеныя яшчэ і меры ў адказ для замежных перавозчыкаў, то грузы пачнуць шукаць абыход Беларусі поўнамаштабна, — працягвае суразмоўнік.

Фота з сацсетак

Ён лічыць, што, нават калі абыходныя шляхі будуць знойдзеныя, Беларусь зможа карыстацца імі нядоўга.

— Хутчэй за ўсё, выйсце будзе шукацца праз нейкую краіну СНД. Думаю, першым у спісе апынецца Казахстан. І фірмы будуць спрабаваць перааформіцца менавіта туды. Але тут ёсць сур'ёзнае пытанне, як доўга мы зможам выкарыстоўваць якую-небудзь падобную абыходную схему. Рэч у тым, што калі раней некаторыя санкцыі прымаліся крыху фармальна, то цяпер яны прымаюцца менавіта для таго, каб змяніць паводзіны Беларусі. Каб прымусіць Беларусь зрабіць хоць нешта, каб вайна ва Украіне хутчэй скончылася. Гэта значыць, што любыя схемы абыходу будуць таксама кантралявацца. Цяпер мноства добраахвотных агентаў санкцыйнага ціску. І мы будзем сутыкацца з новымі абмежаваннямі.

Леў Львоўскі мяркуе, што нейкія магутнасці можна будзе накіраваць на транзіт у Расію, у Кітай, Казахстан і гэтак далей, але гэтыя шляхі і так былі дастаткова развітыя.

— Гэта азначае, што пэўная доля нашых дальнабойшчыкаў страціць працу. Санкцыі маюць у сабе небяспеку скарачэнняў. Многія перавозчыкі цяпер знаходзяцца ў прастоі. Іх начальнікі, безумоўна, шукаюць шляхі абыходу, але рабіць гэта даволі складана. Ёсць імавернасць ад'езду часткі дальнабойшчыкаў. У некаторых краінах, асабліва Цэнтральнай Еўропы, назіраецца нястача такіх кадраў. Але зразумела, што пераезд у іншую краіну — гэта заўсёды складана, заўсёды патрабуе нейкіх вялікіх чалавечых рэсурсаў, грашовых рэсурсаў, — кажа эксперт.

У сеціве мільгануў ліст (без подпісу і рэгістрацыйнага нумара, таму няясна, ці сапраўдны ён), складзены адной транспартнай кампаніяй для Міністэрства транспарту, МЗС і асацыяцыі грузаперавозчыкаў. У ім перавозчык пералічвае меры, якія можна прыняць для захавання транспартнага сектара Беларусі ў сувязі з увядзеннем супраць яе недружалюбнымі краінамі санкцый.

Там гаворыцца, што "праз прастой на працягу 1–3 месяцаў усе кіроўцы Беларусі будуць уладкоўвацца ў іншыя аўтатранспартныя прадпрыемствы Еўрасаюза, што прывядзе да разбурэння беларускіх прадпрыемстваў, паколькі не будзе кваліфікаваных кіроўцаў. Для прадухілення такога развіцця падзей неабходна МЗС і іншым кампетэнтным органам забараніць выезд за мяжу з тэрыторыі РБ кіроўцам катэгорый С, Д, Е да нармалізацыі адносін з Еўрасаюзам".

Кіроўцаў, якія ўжо знаходзяцца за межамі Беларусі — працуюць кіроўцамі ў аўтатранспартных прадпрыемствах краін ЕС, — папярэдзіць, што яны абавязаны вярнуцца на тэрыторыю краіны на працягу месяца, "паколькі Беларусь не можа гарантаваць іх бяспеку". А тым, хто не вярнуўся дадому, забараніць уезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і выезд з яе на 3 гады.

З нагоды таго, ці магчыма, што ўрад зробіць нешта падобнае, Леў Львоўскі спадзяецца, што "не ўсе савецкія практыкі ў Беларусі будуць адноўленыя".

— Што да рэалізацыі розных ідэй па ўвядзенні прыгоннага права, я думаю, што ў нас ужо сарваныя ўсе гайкі ў плане наватарскага эканамічнага мыслення. Асабліва ў эканамічным блоку ўрада Беларусі. Тым не менш я спадзяюся, да такога не дойдзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.