Вынікі году для культуры: паміж кэнселінгам і цэнзурай

Мастацтва, тэатр, музыка, кіно — успамінаем усё, што было не разбурана, а створана / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Мастацтва, тэатр, музыка, кіно — успамінаем усё, што было не разбурана, а створана / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Сёлета шмат чаго было разбурана — але ж мы пагаворым пра тое, што было створана. Якім стаў гэты год для свету мастацтва, тэатра і музыкі?
 

Мастацтва: “Мы жывем у эпуху музейнага варушняка”

Год адзначыўся адраджэннем музейных выставаў, кажа ў размове з Еўрарадыё Мікіта Моніч. Сёлета Моніч з’ехаў з Беларусі, цяпер ён жыве ў Іспаніі. І — у эпоху “музейнага варушняка”. Здымаюцца кавідныя абмежаванні, адкрываюцца новыя выставы.

Поўнае інтэрв'ю з Мікітай Монічам

— Яшчэ адзін трэнд гэтага года — мастацтва і музейныя прасторы пачалі выкарыстоўвацца, каб актуалізаваць праблемы. Гаворка пра ўсе гэтыя абліванні супамі твораў сусветнага жывапісу.

Трэці трэнд звязаны з вайной і салідарнасцю. У тым жа Мадрыдзе зараз адбываецца выстава украінскіх мадэрністаў, якая будзе доўжыцца да канца вясны. Я яе яшчэ не бачыў, вось пайду глядзець. А калі пашчасціць, буду рабіць там экскурсіі, — кажа Моніч.

А што адбываецца ў беларускім мастацтве? Ці магчыма ўвогуле ў атмасферы татальнага кантролю за грамадскім жыццём ствараць мастацтва?

— Так склалася гістарычна: дзяржаве заўсёды было напляваць на мастацтва, як і на большую частку культуры. Гэта было гетта.

Цяпер рэпрэсіўны апарат патрохі звяртае ўвагу на культуру, але па сутнасці нічога не змянілася. Мастак робіць працу, і калі ў яго ёсць магчымасць прадэманстраваць яе — ён дэманструе. Я ніколі не буду абвінавачваць людзей ў тым, што яны ўдзельнічаюць у выставах на якой-небудзь беларускай пляцоўцы.

Але частка людзей літаральна страціла прафесію, кажа Моніч. Па-першае, у краіне больш няма тых, хто набываў іх творы. Яны ці не купляюць іх з прычынаў бяспекі, ці папросту з’ехалі і занятыя выжываннем.

Шмат людзей працягваюць рабіць мастацтва ў Беларусі. І часам — цікавае мастацтва, кажа Моніч. Хтосьці гучна выказваўся ў 2020-м, і цяпер Беларусь прынамсі часова страціла іх як мастакоў унутры краіны. А хтосьці зразумеў, што даўно марыў адкрыць маленькую галерэю ў невялічкім горадзе ці вёсцы — і надышоў адпаведны час.

— І мабыць раней яны б не дайшлі да гэтага, займаліся б руцінай сваіх паспяховых спраў у сталіцы, а цяпер якраз прыйшоў час гадаваць свой маленькі надзел, свой маленькі “сад”.
 

Тэатр: узгадненне назваў прэм’ер, цэнзура і самацэнзура

Беларускі тэатр у 2022 годзе канчаткова вярнуўся ў сітуацыю, якая мела месца ў Савецкім Саюзе. Цалкам знішчаны прыватны тэатр: адны ўстановы закрытыя, а іншым дзяржава наўпрост перастала даваць гастрольныя пасведчанні, распавядае ў эфіры Еўрарадыё тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч.

Што сёлета адбывалася ў беларускім тэатры?

— З прыватных тэатраў засталося толькі дзве студыі. І гэта савецкая сітуацыя, калі ў краіне існуюць толькі невялікая колькасць дзяржаўных калектываў, а 28 тэатраў на 10-мільённую краіну — гэта мізер. Прытым, назвы прэм’ер узгадняюцца, а на прэм’еры прыходзіць камісія, якая правярае і можа дазволіць ці не дазволіць спектакль, прымусіць некаторыя моманты пераробліваць.

І стваральнікі спектакляў пачынаюць прыбіраць са спектакля тыя моманты, якія могуць патынцыйна сапсаваць жыццё ім і калегам.

Гэтыя акалічнасці не сведчаць пра тое, што ў Беларусі не будуць з’яўляцца добрыя спектаклі. Яны ёсць, але гэтыя поспехі — насуперак існуючай сістэме, а не дзякуючы ёй.

З пачаткам вайны ва Украіне ў беларускім тэатры пачаліся новыя тэндэнцыі. Цяпер давялося “паглядваць па баках”, аглядацца на падзеі не толькі ў Беларусі, але і ў свеце, дадае былая дырэктарка цэнтра Art Corporations Анжаліка Крашэўская.

— Мы не былі тэатральная дзяржавай, на нас вельмі моцна ўплывала Расія. І многія не заўважылі пераменаў. Хто не ведаў пра існаванне незалежных трупаў, той і не ведае.

Крашэўская кажа, што шмат гледачоў незалежных тэатраў з’ехала разам з самімі тэатрамі.
 

Музыка: яна выжыла

Аляксандр Чарнуха ў сваім тэлеграм-канале сабраў топ-10 альбомаў, якія выдалі беларускія музыкі ў 2022 годзе. І гэта само па сабе сведчыць пра тое, што музыка выжыла.

А што з музыкай?

— Як мінімум 10 альбомаў можна паслухаць. Я не вельмі люблю топы і рэйтынгі. Уся пералічаная музыка можа быць з вамі ў залежнасці ад настрою. Калі мне хочацца парэфлексаваць — ёсць цудоўны рэліз у Бенькі. Калі мне хочацца эксперыментальнай музыкі — ёсць цудоўны хлопец пад псеўданімам Gregory Neko. То бок, кожны з гэтых альбомаў варты таго, каб яго паслухаць. Але — у залежнасці ад настрою.

З прычыны таго, што людзей, якія пішуць пра музыку, стала зусім мала, а магчымасці самапрэзентацыі ў Беларусі зменшыліся, музыкам даводзіцца змагацца яшчэ і са штучным інтэлектам.

— Калі мы размаўляем пра поп-музыку, якасць мэсэджаў і сэнсаў падае кожны год, бо поп-музыка спрабуе трапіць у алгарытмы буйных сацсетак. Гэта пастаянная барацьба са штучным інтэлектам, і сэнсы стаяць на другіх месцах. Чалавек павінны трапіць у трэнды цік-тока ці ютуба, бо не засталося іншых пляцовак. Як прэзетаваць сваю творчасць? Толькі праз гэтыя сацсеткі, і гэта адбіваецца на якасці прадукта.

З якой тэндэнцыяй музыкі сутыкнуліся ў 2022 годзе? Кэнселінгам.

— З аднаго боку цябе кэнселіць дзяржава, з іншага цябе кэнселяць за твае ўчынкі. Калі заспяваў “аблака — белагрывыя лашадкі”, можаш за гэта атрымаць адлуп. Беларускі музыка вымушаны шчыльна фільтраваць, што робіць і што кажа ў публічнай прасторы. І гэта вельмі важная тэндэнцыя.

Алё ёсць і добрае. Гастрольная траса беларускага гурта — ад Малдовы і Польшчы да Нідэрландаў і Грузіі. То бок тое, што раней цяжка было сабе ўявіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі