Вы тут

Вынесены яшчэ адзін прысуд па "справе Зельцэра" — 2,5 года калоніі за каментар

Супрацоўнікі КДБ ля кватэры Андрэя Зельцэра / Скрыншот з відэа

Да 2,5 года калоніі агульнага рэжыму прысудзіў Брэсцкі абласны суд Дзяніса Карабана. Яго затрымалі ў студзені 2022 года і абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК). Падставай зрабіўся каментар у сацсетках пасля гібелі праграміста Андрэя Зельцэра.

У верасні 2021 года Карабан пакінуў пад пастом пра перастрэлку ў мінскай кватэры заўвагу "...даўно пара валіць іх".

Карабан прызнаў віну, падчас працэсу згаджаўся, што "на момант напісання каментара ўсведамляў, што гэта праваахоўнікі". Але ў апошнім слове ў канцы лютага раптам загаварыў пра тое, што ўспрымаў людзей у чорным як бандытаў, адзначаюць праваабаронцы. Тады суддзя аднавіла следства і да пачатку красавіка дамаглася ад фігуранта патрэбнага прызнання.

Праваабаронцы таксама нагадваюць, што гэта другі вядомы прысуд па так званай "справе Зельцэра". Першы вынеслі ў студзені 2022 года. Тады ў Магілёве 45-гадовага жыхара горада Аляксандра Гаўрыленку прысудзілі да двух гадоў калоніі. Падставай для разгляду справы ў судзе зрабіліся "абразлівыя каментары на адрас супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка".

Нагадаем, у верасні 2021 года ў кватэры супрацоўніка адной з мінскіх IT-кампаній Андрэя Зельцэра адбылася перастрэлка. Зельцэр адмовіўся адчыніць дзверы супрацоўнікам КДБ, якія былі ў цывільным і прадставіліся міліцыяй. Калі сілавікі ўзламалі дзверы, ён стрэліў у іх з паляўнічай стрэльбы, тыя адкрылі агонь у адказ. У выніку Зельцэр і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк загінулі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.