Вы тут

Выкладчыка БДУ Дзяніса Тушынскага звольнілі пасля 15 сутак арышту

Дзяніс Тушынскі / nn.by

Выкладчык БДУ Дзяніс Тушынскі, які адбыў 15 сутак арышту, пасля вызвалення даведаўся пра сваё звальненне. 

Больш за два гады ён выкладаў англійскую мову на факультэце міжнародных адносін. Пра сваё звальненне Тушынскі даведаўся, калі вярнуўся на працу. "Прыходжу на працу літаральна ўчора — і бачу, што майго імя ў раскладзе няма. Аказваецца, усё — я звольнены", — расказвае Дзяніс "Нашай Ніве".

На факультэце ён памнянў выкладчыцу, якая сышла ў дэкрэтны адпачынак. "Калега, калі я не памыляюся, мусіла правесці ў дэкрэце яшчэ недзе з тры месяцы, але чамусьці раптоўна выйшла на працу. "Супадзенне? Не думаю", — іранізуе ён.

Тушынскі плануе раіцца з юрыстам наконт законнасці свайго звальнення, бо яго мусілі папярэдзіць загадзя.

Пакуль выкладчык сядзеў на сутках, звольніўся дэкан факультэта Віктар Шадурскі. Па словах Тушынскага, пад загадам на яго звальненне подпісу Шадурскага няма. "Магчыма, ён адмовіўся падпісваць гэты загад, што таксама паўплывала на звальненне. Але, канечне, мне не хацелася б, каб гэта стала галоўнай прычынай яго сыходу з БДУ", — разважае Дзяніс.

Дарэчы, на сутках ён сядзіць ужо трэці раз. Першы раз яго затрымалі 8 жніўня 2020-га ў шэрагу іншых актыўных назіральнікаў на выбарах. Другі раз выкладчык апынуўся на сутках пасля аднаго з восеньскіх маршаў. А 16 лютага яго затрымалі пасля таго, як замацаваў на дрэве маленькі бел-чырвона-белы сцяжок. 

Умовы на Акрэсціна ён параўноўвае з канцлагерам: "Самая вялікая праблема — маленькая камера. На чатыры месцы бывала аж да 14 чалавек! Часам меней. І вельмі спякотна, няма чым дыхаць праз такую колькасць народу. Вентыляцыю ўключаюць рэдка, кармушку амаль не адкрываюць". Матрацаў вязням не давалі, бялізну таксама.

Дарэчы, на Еўрарадыё Тушынскі быў удзельнікам праграмы "Кандыdating".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.