Выкладчыца БДУІР і актывісты ЗБС — фігуранты крымінальнай справы
Затрыманая 12 лістапада выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава праходзіць па крымінальнай справе паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Жанчыну вінавацяць у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак".
Падчас выбараў Філатчанкава была незалежнай назіральніцаў, потым прымала ўдзел у страйку супрацоўнікоў БДУІР. Таксама яна была адной з тых, хто запісаў відэазварот да беларусаў з заклікам не выконваць злачынныя загады.
Як распавядала Еўрарадыё, у чацвер у яе дома адбыся ператрус. Пасля гэтага Філатчанкаву павезлі ў невядомым напрамку.
Па гэтай жа справе праходзяць затрыманыя ў чацвер студэнты Кася Будзько, Яна Арабейка, Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі, Анастасія Булыбенка, Марыя Каленік ды іншыя. У іх і ў Аланы Гебрэмарыям, якая з'яўляецца прадстаўніцай Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў, 12 лістапада прайшлі ператрусы. Ператрус, па звестках праваабаронцаў, адбыўся і на офісе Задзіночання беларускіх студэнтаў.
Верагодна, усе яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.