Выбухі ў Крыме і пажары ў расійскім Белгарадзе — 177-я раніца вайны ва Украіне

Упершыню з пачатку ліпеня напярэдадні не было ніякіх заяў аб прасоўванні расіян ва Украіне​ / facebook.com/93OMBr

Напярэдадні ўвечары ў Белгародскай вобласці Расіі здарылася адразу некалькі пажараў. Па-першае, гарэў склад з боепрыпасамі. Жыхароў бліжэйшых сеў аператыўна эвакуявалі на бяспечную адлегласць. Яшчэ адзін пажар здарыўся на базе адпачынку "Шакалад" у горадзе Стары Аскол. Аб прычынах пажараў мясцовыя ўлады пакуль маўчаць.

Некалькі выбухаў прагрымелі ў Крыме. Жыхары Керчы чулі выбухі і бачылі ўспышкі ў небе, піша "Громадське". Кіраўнік акупаванага Крыма Алег Кручкоў заявіў, што гэта працавала сістэма СПА. Але чаму спрацавала супрацьпаветраная абарона, ён не ўдакладніў. Выбухі чулі і жыхары Севастопаля. Улады горада пазней заявілі, што ў раёне аэрапорта Бельбек збілі беспілотнік, пацярпелых няма.

Камандзір расійскіх дыверсантаў у Крыме і на Данбасе ў 2014-м, палкоўнік ФСБ у адстаўцы Ігар Стралкоў (Гіркін) напісаў позна ўвечары ў Telegram: "удар па аэрадроме (аэрапорце) Бельбек. Пажар і дэтанацыя". Пазней ён удакладніў, што "атакі на Крымскі мост і на Бельбек безпілотнікамі — афіцыйна пацверджаныя. Гэтым разам абышлося без шкоды. Але асабіста я мяркую, што ў абодвух выпадках праціўнік правёў разведку боем".

Ёсць паведамленне і аб выбухах у акупаванай Новай Кахоўка — гэта ў Херсонскай вобласці.

Пажар на базе адпачынку "Шакалад" / @okoskol

У ноч на 19 жніўня расійскія войскі ў чарговы раз абстралялі Мікалаеў і Нікапаль, а раніцай ударылі па Харкаву. Пра гэта паведамляюць мясцовыя ўлады.

У Харкаве пад ударам апынуліся тры раёны горада. "У адным выпадку маем трапленне ў жылы будынак, папярэдне адзін чалавек пацярпеў. Таксама ёсць прылёт па інфраструктурнага аб'екта. Там пажар", — піша мэр Харкава Ігар Церахаў.

Як мінімум адзін чалавек загінуў пад абстрэлам у Крыварожскім раёне Днепрапятроўскай вобласці. Гэта мужчына 36-ці гадоў, жыхар Апосталаўскай грамады. Грамаду абстралялі з "Ураганаў". У сяле Першае Мая пацярпелі жыллё, газаправод і лінія электраперадач. У Сінельнікаўскім раёна паранены 12-гадовы хлопчык, піша кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Дзіця ў шпіталі, яго прааперавалі. Пад абстрэлам гэтай ноччу быў і Нікапаль. У горадзе пашкоджаны да 20 шматпавярховак, з дзясятак крам, ліцэй, банк і аўтобусны прыпынак.

Аб магутных выбухах гэтай ноччу паведамляе і мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч. Зноў абстралялі Чарнаморскі нацыянальны ўніверсітэт імя Пятра Магілы. У яго трапілі дзве ракеты С-300. На месцы працуюць аварыйныя брыгады і камунальныя службы.

Наступствы абстрэлу ўніверсітэта імя Пятра Магілы ў Мікалаеве / @senkevichonline

Расійскія войскі абстрэльваюць населеныя пункты і пазіцыі УСУ па ўсім фронце, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаб УСУ. Супернік штурмаваў на Славянскім, Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках.

Пры гэтым, паводле ацэнкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, 18 жніўня 2022 года ўпершыню з 6 ліпеня 2022 года "не было заяўлена або ацэнена тэрытарыяльных заваёў Расіі ва Украіне". Тым не менш, у гэты дзень "расійскія войскі ўсё яшчэ праводзілі абмежаваныя і беспаспяховыя наземныя атакі па ўсім ўсходнім кірунку". Аналітыкі Інстытута таксама адзначаюць, што "Міністэрства абароны Расіі (МА), падобна, стварае інфармацыйныя ўмовы для абвінавачвання ўкраінскіх сіл у будучых аперацыях пад чужым сцягам на Запарожскай атамнай электрастанцыі (АЭС)".

Тым часам Турцыя занепакоеная сітуацыяй вакол Запарожскай АЭС і не хацела б паўтарэння Чарнобыльскай катастрофы. Пра гэта заявіў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган на прэс-канферэнцыі ў Львове пасля сустрэчы са сваім украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім і генсекам ААН Антоніу Гутэрышам. Яго словы прыводзіць рэсурс Anadolu.

Эрдаган таксама заявіў, што Турцыя падтрымлівае суверэнітэт і цэласнасць Украіны. Паводле яго слоў, Анкара акажа "неабходную падтрымку для аднаўлення Украіны, як і рабіла да гэтага часу". Ён таксама ўпэўнены, што вайна Расіі супраць Украіны ўрэшце скончыцца за сталом перамоваў. Па яго словах, Анкара гатовая згуляць ролю "пасярэдніка, каб даць усе віды падтрымкі для дасягнення гэтай мэты".

Перамовы з Расіяй магчымыя толькі пасля поўнага вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Укрыяны, заявіў са свайго боку прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля сустрэчы з Эрдаганам і генсекам ААН Антоніу Гутэрышчам. Ён згодны, што вайна ва Украіне павінна быць скончана за перамоўным сталом, але "галоўнае – вызначыць шлях да стала перамоваў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.