Вы тут

Вярхоўны камісар ААН: у Беларусі "крызіс беспрэцэдэнтных маштабаў"

Графіці ў Беларусі / З архіву Еўрарадыё

25 лютага Вярхоўны камісар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека Мішэль Бачэлет выступіла ў Жэневе з дакладам на 46-й сесіі Савета ААН па правах чалавека. Яна заявіла, што падзеі, якія адбыліся ў Беларусі летам-восенню 2020-га прывялі да "крызісу беспрэцэдэнтных маштабаў у галіне правоў чалавека". Яны "зрабілі больш бачнымі шматгадовыя сістэматычныя парушэнні і беспакаранасць".

Даклад Бачэлет раней быў апублікаваны на сайце Савета па правах чалавека ААН. У ім змешчаны матэрыялы, якія ахопліваюць травень-снежань 2020 года.

Мішэль Бачэлет падкрэсліла, што ўжо пасля завяршэння працы над дакладам сітуацыя ў нашай краіне пагоршылася. У сваім выступе яна згадала і масавыя адвольныя арышты, і "сістэматычнае адмаўленне фундаментальных свабод".

Было заяўлена, што ў лютым 2021-га ад уладаў Беларусі ўдалося атрымаць інфармацыйную запіску. У ёй паведамляецца, што органы папярэдняга расследавання атрымалі 4644 скаргі на выкарыстанне фізічнай сілы і спецсродкаў сілавікамі падчас разгонаў мірных акцый пратэсту. 1050 скаргаў адхілілі. Ці быў хто з сілавікоў прыцягнуты да адказнасці, інфармацыі не было. Але ў ААН зрабілі выснову, што ніводнай крымінальнай справы па тысячах скаргаў няма.

Прадстаўнік Беларусі ў ААН Юрый Амбразевіч заявіў, што ў дакладзе няма аб'ектыўнай карціны, бо ў Мінску, па яго даных, пратэстуе "максімум 200 чалавек". Амбразевіч назваў разгляд даклада ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.