Вы тут

Вядомага гісторыка Ірэну Ганецкую тры дні трымалі на Акрэсціна

Ірэна Ганецкая / nn.by

Вядомы гісторык Ірэна Ганецкая пасля затрымання тры дні правяла на Акрэсціна, піша "Наша Ніва". 

Жанчыну затрымалі ўвечары 8 студзеня ва Уруччы, непадалёк ад яе дома. Па словах яе дачкі Алесі, маці цэлы дзень працавала за камп'ютарам: складала план работ за пяць гадоў. Яго трэба было здаць 11 студзеня.  

"Увечары вырашыла пайсці праветрыцца, паклікала суседку. Калі ўжо вярталіся дадому, да іх падышлі двое знаёмых, стаялі размаўлялі пра надвор’е. Тут пад’ехалі дзве машыны, пакружылі. Маму і суседзяў затрымалі: "У РУУС адвязём, там усё патлумачаць", — распавядае дачка.

Трое сутак да суда Ганецкая правяла на Акрэсціна. Сёння суддзя Першамайскага раёна Мінска Максім Трусевіч прысудзіў штраф — 870 рублёў (30 базавых велічыняў).

Па словах дачкі, Ганецкая кепска пачувалася, у яе быў высокі ціск — магчыма, гэта паўплывала на прысуд. Бо астатнім суседзям, затрыманым у той вечар, далі па 10 сутак.

Ірэна Ганецкая — кандыдат гістарычных навук, 30 гадоў працуе ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. Яна спецыялізуецца на археалогіі сярэднявечных і постсярэдневечных гарадоў, гісторыі беларускіх замкаў і кераміцы XI—XVIII стагоддзяў. Яна кіравала раскопкамі каля Мірскага замка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.