Вы тут

Відэакарты, SSD, працэсары: інтэрнэт-крамы сутыкнуліся з дэфіцытам "жалеза"

Майнеры пакінулі людзей без відэакартаў / "УКантакце"

На сайтах беларускіх інтэрнэт-крам, якія займаюцца зборкай і продажам камп'ютараў, з'явіліся аб'явы пра дэфіцыт камплектуючых. Праз гэта крамы не могуць выканаць некаторыя заказы.

Напрыклад, "Фабрыка камп'ютараў" паведамляе, што ў сувязі з "дэфіцытам камп'ютарнай тэхнікі, які назіраецца на сённяшні дзень, частковы асартымент відэакартаў, прадстаўленых на сайце, даступны толькі пры куплі камп'ютара ў зборцы". Такая самая аб'ява вісіць на сайце Ram.by.

Аб'ява пра "дэфіцыт камп'ютарнай тэхнікі" / fk.by

Еўрарадыё вырашыла высветліць, наколькі гэта праблема маштабная. Аказалася, што з дэфіцытам відэакартаў сутыкнулася большасць апытаных намі беларускіх рытэйлераў. Таксама яны канстатуюць недахоп некаторых відаў працэсараў і SSD-назапашвальнікаў.

— Самы вялікі рост цэн адбыўся на рынку відэакартаў. Але я б сказаў, што і на працэсары некаторых мадэляў назіраецца дэфіцыт, — адказвае Еўрарадыё менеджар крамы Ram.by, на сайце якой вісіць аб'ява аб дэфіцыце.

У Mips.by, аптовым пастаўшчыку камп'ютараў, таксама наракаюць на недахоп камплектуючых.

— Звужаецца вельмі моцна асартымент. Нават калі не даражэе, то даводзіцца купляць нешта больш дарагое, таму што тое, што можна было раней купіць танней, яно проста знікла з продажу, — расказвае Еўрарадыё спецыяліст па продажах Аляксей. — Сам працэсар як быццам бы і не падаражэў, але яго проста няма. Вытворцы не паспелі вырабіць столькі, колькі запатрабаваў рынак. І праз гэта ўзляцелі цэны.

Усё праз майнераў

Дэфіцыт відэакартаў адчуваецца не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. Гэта звязана з узлётам цаны біткойна. Майнеры актывізаваліся і пачалі скупляць абсталяванне для майнінгу крыптавалют. У першую чаргу — відэакарты.

— Скупляюць іх проста з завода, відэакарты не даязджаюць ні да інтэрнэт-крам, ні да рознічных пунктаў, — тлумачыць Еўрарадыё прадстаўнік пастаўшчыка "ІРСЭН ГРУП". — У цэлым попыт вырас на любыя відэакарты. Можна ўзяць, напрыклад, Nvidia дваццатай-трыццатай серый, гэта значыць любыя відэакарты, якія выйшлі ў апошнія два-тры гады. Іх наогул у наяўнасці амаль няма, праблематычна знайсці відэакарту. Адпаведна, праз гэта выраслі цэны. Яшчэ і аператыўная памяць падаражэла чутка, падаражэлі SSD-назапашвальнікі. Астатняе ўсё ёсць у наяўнасці, але ў нас проста цэны пастаянна растуць, самі разумееце.

Адна з самых дарагіх відэакартаў — NVIDIA Tesla V100 32GB. Сярэдні кошт каля 36 000 рублёў

Цэны толькі растуць

Цэны на некаторыя мадэлі відэакартаў выраслі за апошнія паўгода ў чатыры разы. Пры дапамозе графіка мінімальных цэн партала Onliner.by Еўрарадыё параўнала цэны за апошнія паўгода на некаторыя відэакарты. Мы паглядзелі на цэны новых картак з раздзела "папулярнае" — гэта значыць тых, якія цалкам могуць быць запатрабаваныя сярэднестатыстычным майнерам.

Першая карта, якая трапіла на вочы, — NVIDIA GeForce GTX 1660 Super Gaming. За паўгода яна падаражэла ў чатыры разы — з 746 да 2511 рублёў. Прычым амаль 600 рублёў яна дадала ў цане толькі за сакавік.

NVIDIA GeForce GTX 1660 Super Gaming

Зрэшты, ёсць і мадэлі, цэны на якія ў красавіку злёгку зменшыліся.

Відэакарта MSI GeForce GTX 1660 Super Ventus XS OC 6GB GDDR6
Відэакарта ASUS Mining Radeon RX 470 4GB GDDR5
Відэакарта MSI GeForce GTX 1650 Super Gaming X 4GB GDDR6

Праз COVID-19 попыт вырас, але заводы стаялі

У 2020 годзе попыт на ноўтбукі (і ў першую чаргу на бюджэтныя мадэлі) сур'ёзна вырас праз пандэмію COVID-19. Людзі масава перайшлі на працу з дому і мелі патрэбу ў новай тэхніцы.

А вось прапанаванне, наадварот, прасела. Гэта адбылося праз тое, што Кітай — найбуйнейшая краіна — вытворца камплектуючых — пайшоў у лакдаўн і спыніў заводы.

Партал РБК называе і іншыя прычыны, якія прывялі да дэфіцыту камп'ютарнай тэхнікі. Напрыклад, санкцыі ЗША ў дачыненні да кампаніі Huawei, калі ў жніўні мінулага года ўлады забаранілі кампаніі і яе даччыным кампаніям купляць без спецыяльнай ліцэнзіі паўправаднікі, вырабленыя або распрацаваныя пры дапамозе амерыканскага ПЗ.

Пакуль лепш пачакаць

Пытанне, якое хвалюе спажыўца: ці варта цяпер купляць "жалеза", якое падскочыла ў цане, або пачакаць, пакуль сітуацыя на рынку стабілізуецца?

— Безумоўна, калі камп'ютар або відэакарта патрэбныя, то трэба купляць. Але калі няма вострай неабходнасці, то можна і пачакаць. А калі для хатняга выкарыстання, то можна знайсці што-небудзь на б/у рынку, — адказваюць Еўрарадыё ў "ІРСЭН ГРУП".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.