Вы тут

Вайскоўцы пачалі аднаўляць дом, у які заехала ракетная ўстаноўка

Вайскоўцы рамантуюць дом, у які заехала ракетная ўстаноўка / прэс-служба Міністэрства абароны​

Вайскоўцы, як і абяцалі, пачалі рамантаваць дом у вёсцы Маісеевічы Асіповіцкага раёна. Днямі падчас перакідвання тэхнікі на Гожскі палігон салдат тэрміновай службы, кіруючы самаходнай пускавой устаноўкай, не справіўся з кіраваннем і заехаў у дом пажылой жанчыны. Гаспадыня была ў двары і амаль не пацярпела. Хуткую ёй выклікалі праз высокі ціск.

"Спецыялісты асобнай чыгуначнай брыгады прыступілі да аднаўлення жылога дома ў вёсцы Маісеевічы Асіповіцкага раёна, пашкоджанага падчас маршу ракетнага дывізіёна адной з вайсковых частак", паведамілі ў чацвер у Міністэрстве абароны.

На месцы працуюць мантажнікі і цесляры.

Адразу пасля інцыдэнту дачка гаспадыні расказвала журналістам TUT.BY, як у сцяну іх дома заехаў ракетны комплекс і што шкоду яшчэ трэба будзе ацаніць.

У момант ДТЗ людзей у доме не было / TUT.BY

"У доме і печка паехала, і сцяны няма. Я не ведаю, у якім стане знаходзяцца канструкцыі ў цэлым — для ацэнкі гэтага патрэбныя спецыялісты. Але вось візуальна дом "паехаў" — ён перакошаны", — казала дачка гаспадыні.

Вайскоўцы тады аператыўна пракаментавалі сітуацыю і паабяцалі дапамагчы з аднаўленнем дома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.