Вы тут

Васкрасенскі двойчы не прыйшоў на суд па справе валанцёраў штаба Бабарыкі

Юрый Васкрасенскі / Еўрарадыё

У судзе Маскоўскага раёна Мінска працягваецца разгляд крымінальнай справы валанцёраў штаба Віктара Бабарыкі — палітвязняў Дзмітрыя Канапелькі, Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева і Уладзіслава Карэцкага. Іх вінавацяць у падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) і навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК).

4 траўня на судзе быў дапытаны спецыяліст з 32-гадовым стажам Ігар Яўлыга — начальнік аддзела агульных экспертыз №4 Упраўлення судова-медыцынскіх экспертыз па крымінальных справах. Эксперт заявіў суду, што няма доказаў, быццам лазерная ўказка можа прывесці да страты зроку альбо аказаць нейкае іншае негатыўнае ўздзеянне.

Яўлыга патлумачыў, што для заключэння спецыялістам трэба мець канкрэтныя звесткі пра пашкоджанне вока, вызначыць іх прычыны, а потым высвятляць, наколькі змяніўся зрок у канкрэтным выпадку. "Судовая медыцына — навука пра факты. Спачатку трэба пераканацца ў наяўнасці пашкоджанняў, а потым ужо разважаць пра тое, як яно магло быць прычынена", — перадае праваабарончы сайт "Вясна" яго словы.

Эксперт дадаў, што не сустракаў у сваёй практыцы выпадкі, калі б сятчатку вока пашкодзілі прамянём лазернай указкі, таму не можа зрабіць высновы пра такое ўздзеянне на вочы.

У суд ужо другі раз не з'явіўся сведка Юрый Васкрасенскі, якога хочуць дапытаць наконт закупу лазерных указак. Ён даваў на гэта грошы Ігару Ярмолаву. Першы раз Васкрасенскі не з'явіўся, адгаварыўшыся хваробай, другі раз — аднадзённай камандзіроўкай. 

Пракурор прапанаваў зачытаць паказанні Васкрасенскага, дадзеныя на папярэднім следстве. Адвакаты звярнулі ўвагу, што хвароба Васкрасенскага не перашкодзіла яму паўдзельнічаць у грамадска-палітычных мерапрыемствах. Яны мяркуюць, што Васкрасенскі знарок пазбягае ўдзелу ў судовым працэсе. Суд пастанавіў выслухаць пісьмовыя паказанні сведкі.

Раней Васкрасенскі расказваў, што 30 тысяч расійскіх рублёў на куплю лазерных указак даў яму расійскі палітолаг беларускага паходжання Дзмітрый Балкунец

На пытанні следства Васкрасенскі адказваў так:

"— Як менавіта павінны былі прымяняцца лазерныя ўказкі?

— Свяціць у супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у твары супрацоўнікаў праваахоўных органаў, для таго каб яны не змаглі выконваць свае функцыі па затрыманні пратэстоўцаў.

— Непасрэдна для разрыву ланцугоў супрацоўнікаў АМАПу?

— Так, непасрэдна для разрыву ланцугоў супрацоўнікаў праваахоўных органаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.