Вы тут

Варшава пратэстуе супраць апаганьвання магіл польскіх салдатаў у Беларусі

Злева — капліца і магілы польскіх жаўнераў пад Ёдкавічамі. Справа — цяперашні выгляд пахавання / glosznadniemna.pl

Афіцыйная Варшава пратэстуе супраць апаганьвання помнікаў палякам і іх магіл у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве МЗС Польшчы.

Польскія дыпламаты адзначаюць, што такія акты адбываюцца ўсё часцей і пераважна на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці.

"Апаганьванні ў асноўным датычаць Гродзенскай вобласці, дзе знаходзіцца каля 550 месцаў пахавання польскіх салдат, удзельнікаў народных паўстанняў, абаронцаў Гродна. Нядаўна невядомыя знішчылі польскія надмагіллі і помнікі ў Багданах, Бабровічах, Дындылішках, Іўі, Ашмянах, Ёдкавічах", — гаворыцца ў заяве.

Польскае МЗС заклікае беларускія ўлады неадкладна спыніць акты вандалізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. 

Таксама Варшава звяртае ўвагу, што ў беларускіх дзяржаўных СМІ ідзе "паклёпніцкая антыпольская кампанія", што стварае грамадскую атмасферу,у якой дапускаецца такі вандалізм. 

Раней стала вядома, што каля вёскі Ёдкавічы невядомыя выкапалі парэшткі з брацкай магілы польскіх жаўнераў Арміі Краёвай, якія загінулі ў 1944 годзе. Праўладныя тэлеграм-каналы заявілі, што ў рамках расследавання справы пра генацыд беларусаў парэшткі салдат перапахаваныя на могілках у Эйсмантах. Сам помнік неўзабаве прыбяруць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.