Вардамацкі: жорсткасць сілавікоў — асноўная прычына пратэстаў у Беларусі

Вардамацкі: жорсткасць сілавікоў — асноўная прычына пратэстаў у Беларусі

Жорсткасць сілавікоў стала асноўнай прычынай зацяжных пратэстаў у Беларусі. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі 30 лістапада кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні (BAW; Варшава) сацыёлаг Андрэй Вардамацкі, перадае БелаПАН. Іншымі прычынамі ён назваў стаўленне грамадзян да дзеянняў улады ў сітуацыі з COVID-19, іх адчуванне сітуацыі ў эканоміцы, фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах.

Вардамацкі спасылаецца на бесперапыннае з верасня даследаванне BAW, у рамках якога высвятляецца матывацыя пратэстоўцаў. "Што датычыць фальсіфікацыі [выбараў], 60-70% людзей прама кажуць, што спакойна б іх успрынялі і нічога не было б, калі б не было гэтай брутальнасці", — кажа навуковец.

Ён адзначае, што ў грамадстве адбыўся "зрух болевага парога". У траўні Сяргей Ціханоўскі пераконваў беларусаў, што 15 сутак арышту можна перажыць, і цяпер беларусы самі ў гэтым пераканаліся. 

Таксама Вардамацкі адзначыў, што ў беларускіх пратэстоўцаў страх трансфармаваўся ў гнеў. "Калі ўявіць сабе ўсю псіхіку як нейкі рэзервуар, то гнеў заняў тое месца ў пэўнай частцы гэтага рэзервуара, які раней займаў страх", — кажа ён.

Пры гэтым сацыялагічнае даследаванне паказала, што людзі арыентаваныя на доўгачасовы пратэст. Няўдача аднаго дня спараджае не апатыю, а матывацыю для наступнага выхаду на вуліцу. Рэспандэнты, адзначае сацыёлаг, падзяліліся на тых, хто гатовы пратэставаць месяцы, і тых, хто гатовы выходзіць на вуліцу год і больш, "калі гэта неабходна для завяршэння працэсу".

Вардамацкі падкрэсліў, што ў беларускім грамадстве часовыя радыкалы сталі складаць 80%, што вельмі рэдкая з'ява. "Любы радыкальны падыход у сацыялогіі мае малы адсотак — 3% з аднаго краю шкалы і 3-4% — з другога", — тлумачыць навуковец.

Яшчэ адной асаблівасцю беларускіх пратэстаў, па словах сацыёлага, стаў феномен пратэсту без лідара. Бо людзі пабачылі, што ў Беларусі адбываецца з лідарамі. "Гэта спарадзіла тое, што мы называем самаарганізацыяй, і феномен плаваючага лідарства, калі звычайны хлопец, выходзячы раніцай з дому на акцыю пратэсту, праз дзве гадзіны становіцца лідарам. Ён вядзе калону, паказвае, куды рухацца, паварочваць, спыняцца, а праз наступныя дзве гадзіны, вяртаючыся дадому, калі ўсё з ім нармальна, зноў становіцца звычайным хлопцам".

Параўноўваючы прыхільнікаў улады і прыхільнікаў пераменаў як сацыяльныя групы, Вардамацкі адзначыў, што яны ўспрымаюць адно аднаго сіметрычна, а іх каштоўнасныя сістэмы не перасякаюцца. "Сфармаваліся дзве абсалютна адрозныя паміж сабой шкалы параўнання: прыхільнікі існуючага афіцыйнага істэблішменту маюць шкалу параўнання з 1990-мі гадамі (на гэтай аснове яны ажыццяўляюць увесь круг параўнанняў), а ў прыхільнікаў пераменаў шкала параўнання — параўнанне з краінамі па перыметры ці далей на сённяшні дзень", — дадае навковец.

Для прыхільнікаў пераменаў, па яго словах важнай з'яўляецца іх псіхалагічная неабходнасць удзельнічаць у працэсе прыняцця рашэнняў. А ў прыхільнікаў уладаў гэтыя рыса адсутнічае.

Вардамацкі мяркуе, што ў нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў цяпер пастаянна ўзрастае пласт палітычнай грамадзянскай кампаненты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі